Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вы гэтага не чакалі? — гаварыла яна. — Але гэта так… Гэта праўда… Ну, во… спадзяюся, што ў нас з вамі ня будзе больш ніколі гаворкі аб тым… Ды й што вы, Павал Мікалаевіч! У вас жыцьцё наперадзе, — поўнае, цэлае, незламанае. У вас ёсьць чым і дзеля чаго жыць… для вас ёсьць месца, пачэснае месца ў жыцьці… А я… я ўжо нябожчыца… жывая нябожчыца… Папрабую яшчэ маткай быць, можа тут знайду сабе месца, можа здаволюся хоць на часінку… А калі не… тады…

Гуторскі слухаў яе, абураны глыбокім жалем. Гэты жаль ахапіў яго ўсяго, зьліў у сабе ўсе пачуцьці…

Каб ён мог, каб ён умеў ратаваць яе, пагадзіць яе з жорсткім жыцьцём! Гэтую любую, дарагую яму дзяўчыну!..

У той дзень яны доўга сядзелі, доўга гутарылі…

Разышліся добрымі прыяцелямі.

XI.

Гуторскі прыхінуўся плячмі к пераборцы, што дзеліць адно купэ ад другога, закінуў назад галаву і аддаўся ціхай, салодкай нярухомасьці.

Мерна, аднастайна падрыгвае вагон. У тахт гэтаму дрыжэньню самотна, жалобна дрынчыць у вакне адбітае шкло.

У вагоне змрок. Усё шэрае, няяснае, расплыўчастае. Фігуры людзей — цёмныя плямы — нязграбна калышуцца; дзіўна, сьмешна трасуцца чорныя клубкі — галовы. Некаторыя гавораць, і, пакрытая глухім грукатам чыгункі, гутарка іх здаецца дзіўнай, незразумелай.

Гуторскага агортвае цягучая дрэма. Ён аддаецца ёй, заплюшчвае вочы. Але не засынае…

Мяккай, згоднай чарадой плывуць думкі, варушацца паціхеньку. Думкі-ўспаміны…

Выглядае яна — смутная, прыгожая. Чуецца яе мілагучны шчыры голас…

— Бывайце здаровы… Не памінайце ліхам… Жывеце… па-свойму, пановаму…

Шкода яе. Дужа шкода… Але нічога не парадзіш… Гэткі закон жыцьця… бязьлітасны закон… Усё старое вымятаецца, выкідаецца, як непатрэбнае сьмяцьцё. Расчышчаецца дарога новаму… Паўстае новае жыцьцё — здаровае, сьвежае, магутнае… Усьміхаецца ядранай, прыгожай руньню… Прыдзе час і закрасуецца яно краскамі многацьветнымі, апаўе зямельку дзіўным, казачным хараством!

Тады ўжо ня будзе гэтых адскёпкаў, гэтых пажоўклых лістоў старога, гнілога, забуранага навальніцай дрэва… Паць-