Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзьверы былі незаваленыя. У пакоях цёмна. Агні ўсе затушаны. Гуторскі з двумя армейцамі, трымаючы ў руках нарыхтаванае аружжа, увайшлі ў дом, а рэшта засталіся на двары. Тож дзеля ўсякага выпадку прыгатавалі аружжа…

У першым пакоі Гуторскі знайшоў лямпу. Запаліў яе і пасунуўся далей. Усюды было пуста, бязьлюдна. У сталоўцы знаходзілася на стале няпрыбраная пасуда, пляшкі, пасьледкі вячэры.

— Дзе-ж паны? Няўжо паўцякалі з спалоху? — падумаў Гуторскі.

Урэшце яны знайшліся.

У самым дальным пакоі ў спальні цьмяна сьвяціла лямпадка. На ложку ляжала паня і вохала, а над ёй схілілася Ніна. Воддаль сядзеў пан. Пры сьвятле ўнесенай лямпы Гуторскі разглядзеў яго твар. Ён выяўляў такі адчай, такую недалужнасьць, такую пакорнасьць, што Гуторскі міжвольна скрывіўся ад агіды. Быццам набітая скаціна…

— Вы заарыштаваны! — сказаў ён няшчырым грэблівым голасам.

Паня яшчэ мацней застагнала. Ніна ўзялася яе сунімаць. Твар апошняй быў зьбялелы, але спакойны. Апавіты смуткам, ён выдаваў яшчэ прыгажэйшым.

І міжвольна, на наругу розуму, у сэрцы Гуторскага шавальнуўся глыбокі, шчыры жаль да яе. Каб ня даць волі гэтаму пачуцьцю, ён барджэй вышаў з пакою, пакінуўшы ля пана аднаго армейца.

Вышаў на ганак.

— Можна! Заходзьце! Усё спакойна…

Першы ўпёрся з сваім палонным Матрос.

— A ну-тку, паглядзім, які ён стаў… Даўно ўжо ня бачыліся.

І раптам ён пасыпаўся плоймай самай буйнай, самай злоснай лаянкі.

— Што? чаго? — кінуліся да яго ўвайшоўшыя армейцы.

— Ня ён!.. Памыліўся!..

Той, з кім з такім запалам змагаўся Матрос, быў зусім не Заруба.

І сярод рэшты бандытаў ня было атамана… Тут толькі схапянуліся, што ўсяго дзевяць злавілі, а павінна было быць дзесяць.

Гуторскі ўспомніў, як ён хацеў быў затрымаць Матроса, і пашкадаваў, чаму не зрабіў гэтага на хвілінку раней. Заруба, відаць, чагось забавіўся ў палацы і потым, пабачыўшы, што справа кепская, даў драла…