Хоць і ня ведалі добра, хто каго ў тую часіну ціснуў…
Але Матроса ня трэба было падбадрываць. Ён увайшоў у азарт, разышоўся ўва ўсю. Яшчэ колькі хвілінак, і ён ужо пабедна соп, лежачы на абясьсіленым ворагу…
— Дайце чым зьвязаць сьцерву!
Яму вобмацкам падалі дзягу.
— Ага… Во табе… Паляжы, галубок!.. Досыць табе ўжо арудваць… Фу! — узьняўся ён з зямлі. Ну як, хлопцы?..
— Ляжаць.
— Усе?
— Да аднаго.
— Хто страляў?
— Я…
— Ты, Грышка?
— Я.
— Навошта?
— Ня мог саўладаць… здаравенны… ледзь мяне ня прыбраў…
— Прыстрэліў?
— Так точна…
— Хоць і кепска, але — маладзец!..
— Ну, во што, хлопцы! — загаварыў ён вясёла-ўрачыстым і разам жартаўлівым голасам: — Спраўна папрацавалі… Банду Зарубы можна лічыць зьнішчанай… Яшчэ адзін, можна сказаць, крок да… да… Ну, адным словам, няхай жыве Савецкая ўлада і Чырвоная армія! Ура!..
— Урра! — рыканулі, як адна, дваццаць глотак.
— Уа! — адказаў водгукам цёмны парк.
А Матрос разышоўся. Нібы і сапраўды мітынг замысьліў наладзіць сярод начы ў гэтым нязвычайным месцы.
— Слова даецца нашаму паважанаму кіраўніку і таварышу Паўлу Мікалаевічу Гуторскаму…
Гуторскі ніяк не чакаў гэтага. Ён засьмяяўся. Яму дзіўным здалося гаварыць тут у цемры, сярод гэтага маўклівага, панурага парку, над ляжачымі, скручанымі бандытамі…
А хлопцы запляскалі ў ладкі…
— Просім, просім!..
— Толькі ня больш аднае часінкі. Час дораг! — дадаў Матрос.
— Яшчэ менш… Многа гаварыць не выпадае… Дзякую вам, таварышы, шчыра дзякую як ад сябе, так і ад імя нашай Вялікай Рэволюцыі!..
— Ну, а цяпер памацаем у палацы… Грышка, ідзі грукай, адчыняй, а вы, хлопцы, бярэце сваіх палонных…