Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, я пайшоў… Увечары зайдуся да цябе, пагамонім.

— Заходзь на кватэру!

— Добра…

Гуторскі застаўся адзін. Хацеў узяцца за бягучую работу, але не работалася. Гісторыя з Купрыянавым заўладала яго галавой. Аб чым-бы не пачынаў думаць, думкі міжвольна, неўзаметку перабягалі на гэту цікавую справу.

То яму прадстаўлялася заўтрашняе дзела. Прадстаўлялася выразна, яскрава, з усімі драбнотамі, бо ён ужо перажываў яго ў сваім выабражэньні. А то ўспаміналася тое, што было ўчора. Тады ў вачох станавіўся вобраз Ніны і зацямняў сабой усё іншае. Дрыгацеў дзіўнай вабнасьцю, цягнуў да сябе, змушчаў яскравым, зьзяючым хараством…

І тады Гуторскі зрываўся з месца і доўга хадзіў па пакою, злуючы на сябе за тое, што ня можа стрымацца, ня можа ў карані перацяць гэта непатрэбнае, шкоднае пачуцьцё.

V

Маўкліва насупіўся старавечны Купрыянаўскі парк. Сьцішыўся, прытаіўся, быццам хоча ўсё падслухаць, усё захаваць у сваіх старых грудзёх, сабраць цэлую векавечную гісторыю жыцьця. Сабраць і пахаваць, нікому не сказаць ні аб чым, занесьці з сабой у нябыцьцё…

І ўсё чуе стары цёмны парк. Усё, усё чыста, кожны ледзь чутны шолах, кожны рух, кожны ўздох чалавечых грудзей, кожны ўдар чалавечага сэрца.

І дарма думаюць тыя людзі, што вунь паўзуць па магутных карэньнях, што сьцелюцца дзеразой па зямлі ў нагах волата-лесу, дарма яны думаюць, што ніхто іх ня ўгледзіў, ніхто не пачуў! Людзі не пачулі, а маўклівы лес усё чуе і ўсё знае, толькі нікому ня скажа…

А людзі паўзуць… Ціханька, нішчыкам. Ані зыку, ані шолаху. Нават дыханьне зацялі.

Толькі во тут двое шэпчуцца. Шэпчуцца так, як часам трава пад павевам кволага ветрыку. Больш угадваюць думкі, чым чуюць адзін аднаго…

— Сьвятла ня відаць… Вакеніцы зачынены…

— Можа спазьніліся, птушкі ўжо вылецелі?

— Грышка-б сьвіснуў… Колькі гадзін?

— Было адзінаццаць, часін дзесяць ідзём.

— Во ўжо дом.

— Ня бачу нічога.

Вакол распасціралася чорная, густая цемра. Трэба было мець кацячае вока, каб угледзіць што-колечы ў гэтай цемры.