Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Добра, добра. Папраўдзе сказаць, смага такая, што, здаецца, вядро-б выжлукціў.

Зайшліся ў хату. У хаце душна, як у пекле, і прыцемна, знадвор‘я ўвайшоўшы. Старая бабулька поркаецца на палу.

— Бабулька, вады напіцца можна?

Азірнула з нейкай апаскай.

Чаму ня можна? Ці вады пашкадуем? У сенцах там вядро і кварта. А можа квасу ўнесьці? Халодненькі…

— О-то-то! — узрадаваўся шофэр. — Квасу, квасу, бабулька! Эх! — крактануў ён, быццам загадзя адчуваючы смак халоднага квасу.

Гуторскі сеў на лаўку і азірнуў хату. Брудная, цесная. Відаць незаможна жывуць… Яму чагосьці ўсплыло на думку пытаньне: як-бы ён сябе адчуваў, калі-б прышлося яму жыць у гэткіх абставінах, у гэтым агідным бруду, з якога сьвеціцца цяглая, няўпынная праца, што займае ўсё жыцьцё, абмяжоўвае сабой круг інтарэсаў, імкненьняў?

Ён здрыгануўся міжвольна. Не! Ён-бы ня ўжыў. Дарма, што радзіўся ў гэткай самай хацёнцы, у гэткай самай хацёнцы ўзрос.

— Што-ж гэта? Няўжо я так далёка адышоўся ад сялянскага жыцьця? Няўжо я настолькі аінтэлігэнціўся, апанеў? А калі ўзяць духоўнае жыцьцё. Што тут у мяне высталася супольнага з гэтымі людзьмі? Мала, зусім мала, каб не сказаць нічога. І як-жа гэта? Я стаю ва ўладзе, зьяўляюся прадстаўніком гэтых самых цёмных сялян, я выяўляю іхнія інтарэсы і ў той самы час ня маю нічагутка з імі супольнага… Цікава… Адно толькі, што я зычу ім лепшай долі, хачу іх вывесьці на сьвет, адно толькі гэта зьвязвае. Але гэтага мала. Правадыр не павінен далёка адыходзіць ад таго, каго ён вядзе… Трэба вярнуцца, трэба мець сувязь з сялянамі. Ня тую дзелавую, служэбную, што прыходзіцца мець, а звычайную, жыцьцёвую…

Гуторскі ўспомніў пра свайго бацьку, які жыве недзе ў гэткай самай хацёнцы і ў якога ён ня быў ужо гадоў пяць.

— Трэба даведацца, — падумаў.

Бабулька ўнесла квасу.

— Паедзем? — спытаўся шофэр, як напіліся.

— Не, пасядзім трохі. Ну, як-жа жывём, бабулька? — памкнуўся завесьці гутарку са старой.

— Як жывём? А так і жывём, як жывём…

Яна глядзела спадалба няпрыхільна, з відавочным недавер‘ем.

— Ці далёка да Купрыянава?

— Недалёчка.

— Колькі вёрст?