Мужыкі заварушыліся…
— Дык як-жа-ж… Апрануцца, на дарогу ўзяць. Так раптам.
— Ладна. Сідаронак, ідзі скажы там на сяле, каб прынясьлі ім, што трэба. Ды там разам яшчэ дзьве падводы вазьмі.
Усё сяло высыпала на вуліцу, як павязьлі арыштаваных. У адным месцы чуўся сьмех, жарты, у другім спачуваючая гаворка. То там, то сям віднеліся заплаканыя твары, а некаторыя бабы галасілі, быццам хавалі ад‘яжджаючых.
Арыштаваныя моўчкі сядзелі на вазох, схіліўшы галовы. Думалі… Пэўна ўспаміналі сваю чыннасьць і загадвалі на тое, што іх чакае.
На краю сяла Шлёмка стаяў ля свае хацёнкі. На твары яго зьзяла здаволеньне. Як праяжджалі міма, яго радасна-здаволены погляд на момант спаткаўся з панурым поглядам старшыні. Той здрыгануўся. У вачох злосьць загарэлася. Мусіць дагадаўся, чыіх рук гэта справа…
А Шлёмка сьвяткаваў у душы. Ён бачыў рэволюцыю, бачыў вызваленьне. Ён бачыў, што й да іх сяла ўжо дакацілася хваля і магутным выплескам змыла адвечную крыўду.
Толькі адна хмурынка цямніла яго настрой: гэта памяць пра Міхалку. Ня мог ён ніяк забыцца на свайго сябра. Як роднага брата шкадаваў яго.
Але нейкі нутраны голас супакойваў Шлёмку, шаптаў яму:
— Гэтак павінна быць. Гэта неабходна. Рэволюцыя ахвяр патрабуе…