І ніяк не маглі ўцяміць: ці гэта добра ці дрэнна, што салдаты йдуць? Урэшце, пэўна, пастанавілі, што добра, бо раптам ажывіліся.
— Салдаты! А! Салдаты! Вось добра! Давайце іх сюды, галубочкаў! Вып‘ем!
Пісар узьняўся і прапішчэў, як толькі дазвалялі яму сілы:
— Няхай жыве чырвоная армія! Гура!..
— Гурра! Гурра! Чырвоная армія!
У хату ўвайшло чалавек з пяць чырвонаармейцаў.
— Іменем рэволюцыі вы ўсе арыштаваны!..
— Ха-ха-ха-ха!.. Го-го-го-го!.. Малайцы!.. Ну й малайцы!.. Арыштаваны!.. Го-го-го-го!..
— Маўчаць!.. Жарты тут ні к чаму! Будзьце ласкавы, паны самагоншчыкі, зараз-жа ісьці за намі!..
— Ха-ха-ха! Хе-хе-хе!
Але ўжо ў п‘яным рогаце пачулася нейкае недавер‘е, апаска. Толькі зусім звар‘яцеўшы пісар ніколькі ня губляў прысутнасьці духу. Ён, як мага, грукнуў пляшкай аб стол, аж усё на ім зазьвінела, і загвалтаваў:
— Пляшка арыштавана! Хо-хо-хо-хо! Арыштавана! Госьці, прашу! Чырвоная армія! Гурра!
І ён, як няпрытомны, крычаў, махаў рукамі, абарачваўся на ўсе бакі да сваіх сяброў. Але тыя ўжо сьцямілі — пудліва маўчалі. І лямант пісара неяк дзіка, прарэзьліва, непадтрымана раскідаўся па хаце…
Старшы з чырвонаармейцаў падышоў бліжэй да яго.
— Даволі! Выхадзі!
— Як? Што? Куды?
Пісар недалужна-п‘яным поглядам азірнуўся па бакох. Мужыкі ўсе маўчалі, ня гледзячы адзін на аднаго. Пісар зусім асалапеў, цяжка плехануўся на лаву, вылупіў вочы і сядзеў, нічога не разумеючы.
— Ну, дакуль сядзець будзеце! Выхадзі на вуліцу! Рабяты, бяры іх!
Мужыкі сядзелі. „Вайсковы“ замарматаў няслухмяным ад самагону і страху языком:
— Так то яно так… але… як-жа гэта… без усяго… раптам… Ні табе мандату…
— Што? Мандату? — заўважыў яго старшы. — Як прасьпішся, тады я табе мандат пакажу. А ты хто такі?
Толькі цяпер ён прымеціў рэвольвэр.
— А… Будзьце ласкавы зьняць ваша аружжа!
Той моўчкі аддаў рэвольвэр.
— Ну, доўга чакаць яшчэ вас прыдзецца?