Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— З пахатай трэба пачакаць, — прамовіў „Раманавіч“, — пакуль ня ўляжацца ўсё…

— Калі-ж араць хутка час будзе…

— Ну, пачакаеце… Вось трэба зараз сабраць тут каго ды пагаманіць, парадзіцца…

— Яны хутка прыдуць усе: бачылі-ж, пэўна, як вы прыехалі…

І сапраўды праз колькі часін пачалі зьбірацца мужчыны. Прышоў пісар, прышоў белабрысы, яшчэ чалавек пяць. У хаце загудзела гамонка… Спачатку паціху, потым усё сьмялей, а як селі за стол — вакол пляшкі самагону — зусім разышліся… Крык, сьмех, гвалт — усё зьлілося ў адзін нязладны гуд. У вокны пачалі зазіраць цікавыя галовы, але мужчыны не зважалі на гэта: каго тут баяцца!..

— Дык, значыцца, зямлю дзяліць? — ужо каторы раз пытаўся „вайсковы“.

І, як і кожны раз, яму адказваў цэлы хор п‘янеючых галасоў:

— Дзяліць!..

— Вядома, дзяліць!

— Чаго там чакаць? Каб злыдні якой дасталося!.. Што яны нам… ці вам? А мы не пастаім…

— Ды гэта вядома… ад нас ня будзеце ў крыўдзе.

— Вы нам, а мы вам!

— Глядзіце-ж, браты! Вы знайце тое, што мы, можна сказаць, галаву сваю падстаўляем. Вы павінны гэта разумець…

— Вядома! Што мы дзеці малыя!

— Калі што — не выдаваць, разам адказваць!

— Ды няўжо-ж! Калі што — апошняе аддадзім, а выручым.

Усё п‘яней і п‘яней рабіліся мужчынскія галовы, усё гучней і бязладней станавілася гутарка. Ужо трудна было разабраць, што гаворыць кожны асобна. Нават і самі гаваруны, пэўна, не разумелі таго, што гаварылі. Гаварылі блізка ўсе, а слухаць, ніхто ня слухаў.

І ўвесь гэты кірмаш засьцілала густая хмара табачнага дыму.

Пачалі цалавацца, абымацца. Цяпер толькі і можна было вылучыць з агульнага шуму моцнае цмоканьне ды жорсткія словы брыдкай лаянкі.

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

— Салдаты, салдаты йдуць! уляцела ў хату некалькі хлапчукоў.

Мужчыны перш і ўвагі не зьвярнулі. Толькі як колькі разоў пераказалі ім гэтае слова „салдаты“, — пасьціхалі, пераварваючы, мусіць, у сваіх п‘яных мазгох гэтую нечаканую вестку…