тое невядомае, сьвежае, што ўвабраў у сябе Васілёк за час растаньня. Слухмянае ўяўленьне малявала ёй вобразы таго жыцьця, з якога прышоў цяпер да яе Васілёк. Жывога, цікавага і разумнага.
Стала Марыльцы добра так, лёгка. Быццам зьляцеў той цяжарны гнёт, што душыў грудзі. Толькі муць у галаве яшчэ плавала, яшчэ блытала няслухмяныя думкі.
Раптам у хату зьявіўся Ахрэм. Пахіліў галаву; твар задуменны, пануры. Васілёк, як ўбачыў яго, устаў, адышоўся.
З спалохам чакала Марылька, як спаткаюцца. Мо‘ лаяцца будзе Ахрэм? Сэрца забілася, а ўзрушаны ўздох спаткаўся глыбока ў грудзёх з балючым клубком.
Не, нішто. Толькі сярдзіта зірнуў Ахрэм у бок Васілька ды вусны скрывіў у недалужна-злосную ўсьмешку.
Прыкрая маўчанка на момант атуліла хату…
XI
Дохтар згадзіўся астацца на-нач. Дужа прасіў Васілёк, бо бачыў, што моцна хварэе Марылька, што сьмерць ужо павісла над ёй.
Ноччу Марылька страціла прытомнасьць, трызьніла страшэнна, жудасна. Часта памінала Ахрэма, Васілька, горад, завод. Часам стагнала, крычала, быццам мучыў хто яе, а часам нібы заціхала, заспакойвалася. Тады ўсе прысутныя адчувалі ўзмах скрыдлаў сьмерці, з спалохам чакалі канца.
У адну з гэтых хвілін Васілёк адвёў у бок дохтара.
— Слухайце, скажыце, калі ласка… толькі праўду, шчырую праўду… ці ёсьць якая надзея?
І чакаў з напружнасьцю, што скажа дохтар. Той паглядзеў на яго сваім мяккім, ласкавым поглядам.
— Хто яго ведае? Трудна згадаць, чым кончыцца… Але мала надзеі. Організм надламаны ўжо, цяжка змагацца яму з хваробай…
— А якая гэта хвароба?
Твар дохтара стаў асабліва сур‘ёзным. Ён упіўся поглядам у Васілька.
— У мяне ёсьць падазрэньне, але, вядома, я ня пэўны ў гэтым і, калі скажу вам, дык толькі спадзяваючыся на вашую сумленнасьць і сьціпласьць. Ёсьць прыметы, што хворая атручана. Якой атрутай — невядома. Можна меркаваць, што ўжо доўгі час яна нейкай атрутай падрывала свой організм, а цяпер мы бачым астатні, заключны акт…
Васілёк аслупянеў ад нечаканасьці. Потым мігнула ў думках:
— Ахрэм!..