Ці ўспомніць яе? Ці ўспомніць мінулае? Яна, дык ні на хвілінку не забываецца на тое, што было калісь, што непазбыўнай красой жыцьцё ёй аздобіла. Яна толькі й жыве гэтымі ўспамінкамі… Ды яшчэ надзеяй, захаванай надзеяй, што будзе ў яе Васілёк. Другі — маленькі, любы…
К вечару Марыльцы пагоршала. Грудзі вострым агнём агарнуліся. Зусім цяжка стала дыхаць, быццам не хапала паветра. Здавалася, каб чаго сьцюдзёнага, ледзянога ўліць у нутро, дык-бы палягчэла, бо — агонь там, жывы агонь бушуе…
А сьвінец у галаве распусьціўся, расплыўся, заліў сьвядомасьць пялёнкай зыбкай, атрутнай.
Заснула Марылька ліхаманкавым сном, затрызьніла ў гарачцы…
X
Марылька бачыла сон. Цяжкі, страшэнны. Як толькі заснула, пачула адразу, быццам нехта моцным цяжарам узьлёгся на яе. Нехта вялізны, страшэнны. Клюшнямі балюча ўпіўся ў бакі, а грудзямі сваймі грудзі ёй душыць. Марылька ўяўна адчувае гэтыя страшэнныя грудзі. Жорсткія, жалезныя. У іх костка ўрасла — мулкая, вострая. Яе асабліва балюча адчувае Марылька. Здаецца, праламала яна ёй грудзі, уелася аж у нутро саменькае, муліць, цісьне, не дае ўвабраць у грудзі паветра.
Варочаецца, стогне Марылька, стараецца скінуць з сябе жудасную нахабу. Але не даецца.
Сьмяротны адчай, спалох агнявы ахапляе. Бачыць Марылька твар над сабой — жорсткі, страшэнны, агідна скрыўлены, працяты нечалавечай злосьцю. Нешта знаёмае, блізкае, нехта свой…
Ахрэм!.. Гэта-ж ён мучыць яе, ён задушыць яе хоча…
— Ахрэм! Пусьці! За што ты?.. Людцы, ратуйце!..
Але ніхто не ратуе, няма навокал нікога… Не, нехта ёсьць, стаіць воддаль няясным ценем. Хто гэта?.. Гэта-ж Васілёк… ён, вядома, ён… Ён ратуе зараз, ён звольніць яе ад Ахрэма…
— Васілёк! Ну чаго-ж ты стаіш? Ці-ж ты забыўся на Марыльку на сваю? Ратуй яе, абарані!.. Бачыш, душыць ён, хоча забіць… Васілёк!..
Але дзе-ж ён падзеўся?. Няма Васілька. Плакаць хочацца Марыльцы, сьлёзы падступаюць да горла. Каму пажаліцца? У каго шукаць абароны?..
Вось нехта, здаецца, падходзіць. А, гэта Міхаська, браток.
— Міхась мой, родны!..
Міхась хоча схапіць Ахрэма, узьнімае руку, але, замест Ахрэма, хапае яе проста за сэрца.