Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Да каго пайсьці? Васілёк — той сам у бацькі на хлебе… Хіба ў двор? Так гэта найлепей. Там татулька з матулькай, яны прымуць, не прагоняць родную дачку…

— Я заўтра ў двор паеду, Ахрэм. Ты мне каня дасі?

— Не ўжо, няхай ён цябе вязе, куды хоча.

Як пачула гэта Марылька, адразу быццам гара з плеч скінулася. Згінула жаласьць, што ўжо зарадзілася была ў мяккім сэрцы жаночым, замест яе закіпела варожасьць.

— Добра. І без цябе абыйдуся.

Больш не хацела гаманіць, пайшла вон з хаты…

VI

Ахрэм ня знаўся з бабай Гаўрыліхай з таго часу, як жаніўся на Марыльцы. Ня то, што ў злосьці былі, а так неяк ня ладзілася паміж іх сяброўства. Было гэта, мусіць, затым, што Ахрэм ня ўзяў дачкі Гаўрыліхінай, а старая Гаўрыліха на гэта дужа спадзявалася. Вось з гэтага, пэўна, і пачалася іхняя нязгода. Цягнулася б яна мо‘ й да самай сьмерці Гаўрыліхінай, якая ўжо во-во павінна была стацца, каб ня тая бяда, якая нечаканым гнётам узьляглася на Ахрэма. Яна й штурханула яго ў хацёнку Гаўрыліхі — старую, крывую, падсьлепаватую, як і яе гаспадыня.

Увечары хацёнка Гаўрыліхі карчом карузлым пад двума вялізнымі бярэзінамі хаваецца. Ня сьвеціць вакенцамі-шчэлкамі, бо Гаўрыліха ніколі сьвятла ня паліць.

Ахрэм ледзь намацаў нізенькія дзьверы, што палахліва адкінуліся назад, быццам хацелі ўцячы ў сярэдзіну хаты.

У хаце ціша. Каб ня сударгавае сапеньне недзе ў кутку, Ахрэм падумаў-бы, што нікога няма ў дварэ.

— Хто там? — цяжка прарваўся скрозь сапеньне рыпучы напружаны голас. Цяжка гаварыць Гаўрылісе — дыхавіца апанавала старую.

— Добры вечар, бабулька! — нясьмела гукнуў Ахрэм.

Старая не адказала адразу. Ахрэм слухаў, як сіпіць недзе ў цемры і здавалася яму, што злуецца старая Гаўрыліха.

— Ну, якім ветрам цябе занясло, га? — зарыпела ўрэшце.

— Прышоў да цябе на параду.

— Ай што здарылася?

— Затым і прышоў…

— Ага, як бяда, тады і да бабы Гаўрыліхі, а пакуль няма бяды, дык і ня ўспомніць… Ну, кажы, што ў цябе?

Страшна рабілася ад гнеўнага голасу старой. Пачаў гаварыць ціхім дрыжачым голасам:

— З жонкай у мяне ладу няма…