згублена — ой, як гэта цяжка! Хутка зноў разлучыліся… замуж пайшла. Сам гэта ўладзіў, каб ня мучыць сябе і яе… І пацягнулася шэрае, нуднае жыцьцё… Нават і вольнасьць прайшла неяк неўзаметку. Усё багацеі арудвалі, сілу ўзялі зноў, як раней, бядоце дыхнуць не давалі. І так аж да гэтага часу. А цяпер — невядома.
І ў Міхалкі зноў адна за аднэй паляцелі думкі аб справе. Думкі назойлівыя, турбуючыя. Міхалка сабраў усе сілы і сілком перарваў іх… Зноў углыбіўся ў ружовыя лагодныя ўспаміны. І пад уплывам іх ён супакоіўся. Думкі ахінуліся мяккай, смутнай пялёнкай, зьліліся ў няясныя абразы і пачалі памалу пераходзіць у ціхую дрэму.
Раптам ён абудзіўся… Ці гэта здалося яму? Быццам гаворка пачулася… Міхалка прыслухаўся… Яшчэ… Цяпер ужо скрозь шум ветру і дажджу выяўна пачуліся галасы… Хто гэта? Хіба за сенам хто падцікаецца? Вызірнуць ці пачакаць?.. Вось і асьцярожныя крокі нечыя…
— Тут ён, павінна… — пачуўся скрозь буру прыдушаны голас.
Міхалка пазнаў гэты голас… з дзяцінства ён знаёмы яму… Калісь яны з Грышкам былі першымі; толькі, як вырасьлі, пайшлі па асобных пуцінах.
Міхалка сьцяміў, чаго прышоў Грышка, чаго яму трэба… Па целу пабеглі мурашкі… Дух заняло… Што рабіць? Уцякаць або чакаць, затаіўшыся — мо‘ ня прымецяць?
Мацае нешта па сену… Вось ужо блізка… Схапіў за нагу…
— Тут!..
Нешта цяжкае павалілася на Міхалку…
— Усё!.. — Міганула ў Міхалкавых думках.
Але страх паддаў сілы… І рвануўся, перакуліў некага, кінуўся ў мокрую, бяздонную цемру.
Бег, як мог, не зважаў, што баліць — як агнём пячэ — абрубак-нага… І знаў, што не ўцячэ, але ўсё-ткі бег…
Раз… Дзеравяшка некуды глыбока ўехала… Рынуўся долу Міхалка… Моцна, балюча ірванула застраўшая дзеравяшка — аж застагнаў нема ад болю…
Насьціглі… наваліліся… прыціснулі… Біць пачалі…
— Гвалт! — неяк коратка глуха паняслося ў бурлівым паветры і ўраз абарвалася ветрам…
Больш ня мог крычаць Міхалка: нейкай бруднай анучай рот заткнулі… Білі, лаяліся… К Дняпру пацягнулі, штурхаючы…
Міхалка нічога ня помніў. Пачуў, што чапляюць на шыю нешта цяжкае… Сьцяміў тады…