— Дык чаго-ж гэта іх узьняло? Ахамянуліся? Спалохаліся? Небясьпеку пачулі?..
Міхалка здаволена ўсьміхнуўся…
— Баяцца… Пачакайце, ня тое яшчэ будзе!..
Але як ні быў пэўны Міхалка ў сваёй перамозе, у яго ні на адну часінку ня выходзіла з галавы апаска. Усё здавалася, што не здадуцца так багацеі, што яшчэ будзе змаганьне, ды й не абы-якое — змаганьне на жыцьцё і сьмерць. І здавалася яму, што „тыя“ не сядзяць у гэты час, „злажыўшы рукі“, а рыхтуюцца, пільна рыхтуюцца… Але што яны могуць зрабіць?..
Міхалку ўспаміналася перасьцярога Шлёмкі, успомніўся Грышка-бандыт… кажуць, вярнуўся, тут ужо круціцца. І нешта падобнае да страху заварушылася ў сярэдзіне… Заб‘юць… Ім чалавека забіць — што муху… Ці мала здарэньняў было?..
Але Міхалка хутка адагнаў палахлівыя думкі.
— Што мне баяцца? Чаго шкадаваць? Што мне чакаць ад жыцьця? Згібла ўсё… Не чалавек ужо. Ня будзе шчасьця, — усё роўна.
Шкода стала Міхалку самога сябе. Жаль аб мінулым, аб жыцьці загубленым ускалыхнуў душу… І з нейкай балючай уцехай ён углыбіўся ва ўспамінкі. Адзін за адным замігацелі малюнкі таго сьветлага, прыгожага, што калісь было і счэзла назаўсёды, — счэзла раптам, нечакана…
Быў, як усе. Жыў поўным жыцьцём.
— Як яшчэ малы быў, бегаў, гарэзваў… Першым быў сярод сябрукоў… Як тады вольна жылося!.. Нічога ня знаў, ня дбаў ні аб чым, знаў толькі гульні свае, забавы дзіцячыя.
Потым узрос. Паспытаў трохі гора. Бацька памёр, з адной маткай застаўся. Цяжка прышлося. Пазнаў, як трудна працоўнаму люду хлеб дастаецца. Але ўцеха была, кветка-дзяўчына. З ёй усё гора сваё разважаў. Шчыра любіў яе, так, як толькі можна любіць. І яна яго таксама. Бывала, дзень — праца, а ўночы — часіны каханьня. І праца была ні пачым.
А потым — растаньне. У салдаты ўзялі. Там яшчэ горш прышлося. Але затое там шмат навучыўся чаму, пазнаў адкуль зло на зямлі, хто вінават, што простаму народу так цяжка жывецца. З людзьмі пазнаёміўся нейкімі дзіўнымі, новымі. Усё дабіваліся шчасьця гаротнаму люду… За гэта і пакуту нясьлі, гора прымалі. Пасьля ўжо і сам гэткім стаў, але нічога зрабіць не ўдалося. У бойку пагналі, нагу адарвала. Доўга ў шпіталі ляжаў, са сьмерцю змагаўся. Перамог, але не на радасьць сабе, вярнуўся бязногі ў двор…
Каханка чакала… І вось — стрэліся… Сьлёз колькі было… Бачыць шчасьце і знаць, што няма яго, што ўжо разьбілася,