здаваўся нейкім страшэнным чараўніком. Стаім мы на каленках. І сілюся я маліцца, а не магу. Ня йдуць на вум словы малітвы. Жудасна, страшна. Дзіцё заплача, а я падыйсьці баюся, баюся зірнуць.
— А пад раньне ня стала сыночка майго, ня стала даражэнькага. Задушыла я матчынымі рукамі. Божухна мой міласэрны! Толькі пасьля я зразумела, што зрабіла. Задавіцца хацела — ня даў, не адхозіў ад мяне ні на крок. І ўсё прымушаў маліцца… Прасіць у бога яму царства нябеснага…
— Вось з таго часу і дасюль не магу забыцца. Дзеці пашлі — троху ўцешылася. А ўсё… Удзень нішто: праца, клапоты, а ўночы бясконца, здаецца, трызьніцца.
Мар‘я замоўкла. Гаворка яе супакоіла, і яна ціха сядзела, схіліўшы сваю галаву на Ляксандравы грудзі.
А Ляксандра, абураны яе апавяданьнем, аддаўся напружным, бурлівым думкам. Злосьць і жудасьць разам бушавалі ў яго грудзёх. О, спрадвечная цемра людзкая! Да чаго могуць давесьці чалавека дзікія, ачмураючыя душу і сэрца забабоны! Разбурана жыцьцё, зломан, зьністожан дух чалавека, патаптаны прыгожыя, пышныя кветкі. І калі ўжо прагляне сонца? Калі разьвее гэтую страшэнную, чорную цемру?..
Пачынала днець…
IV
Восень. Пара адцьвітаньня. Колькі красы, колькі смутнага, ціхага хараства ў тваім чароўна-маўклівым задуменьні! Хіба-ж не хараство гэтая кволая, празрыстая пазалота, гэты апошні ўрачысты ўбор царыцы-прыроды? Хіба-ж ня могуць вабіць чалавека твае глыбока тужлівыя шчырыя подыхі, твой бязупынны, горкі плач — жоўты плач адцьвітаньня? Хіба ня могуць цягнуць да сябе твае шырока-адкрытыя, вольныя абшары, твае ясныя, празрыста-дрыготныя далі, што абураюць чалавека нейкімі дзіўнымі парываньнямі, акрыляюць, узьнімаюць яго змарнелы дух і завуць некуды далёка-далёка, у чароўныя, нязьведаныя краіны?
А гэтыя гарэзна-сьветлыя вясёлыя дзянькі, што часамі зьяўляюцца, як ласкавая ўсьмешка на твары старога, і на часіну ажыцьцяўляюць тваё панура-сумнае аблічча. Хіба ня варты яны тых шчодрых праменьняў, якія жменямі раскідае нам маладуха вясна і якіх мы часамі нават не прыкмячаем затым, што іх многа?
І хто можа забараніць шчыра і моцна любіць цябе, жоўта-тужлівая, сумная восень!
Восень жыцьця чалавека. Хіба ня маеш і ты сваіх, толькі табе ўласьцівых прываб? Хіба мала хараства ў гэтым адцьвітань-