— Сумна мне нешта… Ягор, пэўна, ня прыедзе сёньня…
— Хіба табе з ім весялей?
Голас Ляксандры зычэў груба і прыкра.
— Ягор, пэўна, у горадзе з паненкамі загуляў. Ён, відаць, менш табой цікавіцца, чымся ты ім.
Мар‘я маўчала…
— Дый ня дзіва; на яго-ж ткі і паглядзець люба… Красавец… У яго, брат, кожная баба закахаецца. А як малады быў… за ім, пэўна, дзяўчаты плоймай бегалі… Кожная праглася выйсьці замуж за гэткага малайца.
Ляксандра сам ня знаў — што і навошта ён гаворыць. У грудзёх нешта бушавала, хацелася як бальней уцяць. Чакаў, каб сказала што-колечы насупроць, каб адказала груба, злосна, таксама, як ён.
А Мар‘я маўчала. Урэшце, прагукала з пакорнаю скаргаю:
— Ляксандра, нашто ты так гаворыш?..
І столькі пакуты, журбы было ў голасе, што Ляксандру сорамна стала…
— Што я раблю? Навошта?
І сам сабе дзівіўся. Вылез з будкі, прашоўся ўзад і ўперад у цемры. Мар‘я сядзела нярухома ля будкі. Здавалася няясным, шэрым клубком.
Ляксандра ня знаў, што рабіць: ці падсесьці да яе, ці зноў залезьці ў будку, ці… Няма ведама што… Каб хоць знаць супраўдны настрой яе! Каб твар убачыць! Цёмна, хоць вочы выкалі…
Ляксандру то здавалася, што Мар‘я во-во заплача, як той раз, то здавалася, што сьмяецца яна ўцішку… Мо‘ з усьмешкай цікуе за ім…
Уздыхнула…
— Мар‘я!..
— Ну…
— Дык ты кажаш маркотна табе?
— Ай…
Голас дрыжыць. Цяжка ёй беднай… Шукае спагады. А ён — толькі абразіў… А за што? Проста настрой дрэнны быў, а яна тут якраз прытрапілася…
— Мар‘я!..
— Што?..
— Ты ня злуеш на мяне?
— Ды не, Ляксандра, не.
Што тут рабіць?.. Супакоіць, уцешыць яе хочацца… Бедная… Любая…