— Ды што я… Я ўжо ня мог трымаць. Схапіў яе к сабе, абняў, стаў гладзіць па галаве, як дзіцё, угаварваць. Гаварыў нешта… і сам, ня помню… Гаварыў, а сам чуць ня плакаў. А яна прыціснулася ка мне, быццам туляючыся ад каго, ды ўсё плача, усё плача… што далей, то горай…
Ляксандра змоўк. Павісла напружаная ціш. Дзесь засьпяваў певень.
— Ну, а далей што?
— Далей?.. Пацалаваў я яе. Пацалаваў… у лоб, здаецца… Быццам яе апякло. Як закалоціцца ўся, задрыжыць… Вырвалася… уцякла… Ня ведаю, мусіць, у хату пабегла… Во… Пасьля таго колькі дзён старанілася мяне, саромілася зірнуць у вочы.
— Так, — задуменна гукнуў Градаў: — не, што і гаварыць, жыцьцё незайздроснае. Чаго толькі яна пашла за яго, за гэткае страшыдла?
— Чаго? Мусіць, трэба было, па сваёй ахвоце не пашла-б.
— А мо‘ на багацьце пагалілася?
— Не падобна да яе.
— Ну, але-ж і нялюбоцьце са ўсяго сьвету. А хліпала якое, усё плача, скавыча… Багацей першы на вёсцы, а ўсё мала. Ну, і ня люблю-ж я яго! У мяне заўсёды настрой на сто градусаў уздымаецца, як яго лішні раз у нарад назначаць або лішні пуд хлеба з яго выцягнуць. А Мар‘ю любіць. Ды яшчэ як… проста моліцца на яе. Вядома, гонар… Сам дрэнь такая, а якую жонку мае.
— Што любіць, то любіць. А раўнуе як… ух!.. Як ён на мяне злосны! Па вёсцы плёткі ўсялякія ходзяць… што я надта часта з Мар‘яй бываю, дык ён аж кіпіць.
— Ну, а як ты думаеш, Ляксандра, як яна да яго?
— Прывыкла, пэўна, дванаццаць гадкоў — гэта, брат, ня жартачкі. Ды к таму-ж і забабоны ўсякія, бога баіцца. А ён знае гэта і грае на слабых струнках. Наўмысьля абставіны гэткія робіць, як у манастыры ў якім. Ты-ж бачыш: чуць вечар — лампадку засьвеціць, сам на каленкі, яна на каленкі, дзеці на каленкі… Цэлая адправа царкоўная… І яна гэта шчыра… моліцца, кленчыць… ведаеш, на чулую душу, ды яшчэ ўзгадаваную ў забабонах, усё гэта робіць уплыў…
— Так…
Хлопцы яшчэ доўга гаманілі, але гутарка іхняя памалу траціла сваю жвавасьць, пакуль, урэшце, ня спынілася зусім. Хлопцы паснулі.
Пракрычалі другія пеўні. Ноч павярнула на сход. Нездалёк у садзе, мусіць, чуючы раньне, заціўкала птушка…