Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Уся сонная вёска купалася ў зеленаватым малацэ месячнага сьвету. Усё стаяла нярухома, быццам высечанае з цудоўнага самацьветнага каменя. Было зусім ціха, толькі зьнекуль здалёку даносіліся ледзь чутныя, зьнікаючыя гукі гармоніка…

Ляксандру зачаравала хараство ночы. Ён адчуваў, як нешта з сярэдзіны ўздымаецца — гэткае добрае, згоднае і разьліваецца па ўсёй істоце дзіўным пачуцьцём.

— Ляксандра! Ідзі вячэраць! — пачуўся мілагучны задорны голас Мар‘і.

Думкі Ляксандры зараз пераляцелі да Мар‘і. У гэты момант яна здалася ему гэткай добрай, блізкай, роднай… Ды, пэўна, і ўсе людзі ў гэты час здаваліся яму гэткімі!

Ляксандра пашоў у хату.

II.

— Як ты сабе ня хочаш, а ў Мар‘і ёсьць многа цікавага. Яна неяк выдаецца ад усіх вясковых баб. Нешта ёсьць у ёй гэткае… як табе казаць… ну, поэтычнае, ці што, хоць ты й ня любіш гэтага слова.

— Чаму? Поэзія, гэта, ведаеш, добрая рэч. Я сам калісь, як было мне гадоў дванаццаць, быў поэтам, ды яшчэ якім! Бывала гэта — ночы, уздохі, охі, у кожным бабскім стварэньні бачыш нешта таёмнае, трагічнае, чыстае… ведаеш, такое чыстае…

— А ну цябе! Кінь жартаваць… У мяне сягоньня сур‘ёзны настрой, і затым я хачу сур‘ёзна гутарыць.

— А… А як гаварыць трэба: поэзіяй, ці можна прозай?

— Як сабе хочаш.

Ляксандра з Кірылам ляжалі на высокім трысьцене, укапаўшыся ў сьвежа-накладзенае пахучае сена. Курылі, не зважаючы на небясьпеку для гаспадарскага дабра, і гутарылі. Час-ад-часу ўспыхвалі цыгаркі і кідалі наўкола жоўтавата-чырвоны водблеск. З цемры выяўлялася нізкая страха, бэлька над самымі галовамі хлопцаў і дзівосныя карункі ўзварушанага сена.

Глыбокая ціш, адзінота наладжвалі на сантымэнтальны настрой. Хацелася гаварыць і гаварыць, выкладаць усе патаёмныя думкі.

— Ну, вось слухай, казаў Ляксандра: пачнём з выгляду…

— Здобная баба…

— Не перапыняй! І свой цынізм пакуль што пакінь пры сабе. Зірні на твар. Яна ня надта прыгожая, аб гэтым і гаварыць ня будзем: нос троху кірпаты, шыракаваты рот. Адным словам — тыпічны твар сялянкі-беларускі. А якая рухавасьць, якая выразьлівасьць! Нельга зірнуць, каб ня спыніць на ёй свайго погляду. Ты не зьвяртаў увагі на яе вочы?