Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А ён, калі чуў гэта, не карожыўся, як іншыя, не аднекваўся, а сур‘ёзным, шчырым тонам гаварыў:

— Мне каб павучыцца. Каб апрацавалі мяне добра, адшліфавалі. Толькі — дзе там…

Колькі раз прабавалі зацягнуць Чаплюка сваю армейскую сцэну, але з гэтага нічога ня выходзіла. На рэпэтыцыях яшчэ нішто, а як прыдзе справа да спэктаклю быццам нешта зробіцца з ім. Палохаўся, мусіць, ці што. Ужо за колькі гадзін да пачатку засмуціцца неяк, убярэцца ў сваю шкарлупу, і хоць ты што хочаш рабі — не разварушыш яго, не абудзіш у ім таго Чаплюка, які патрэбны. Гэтак і выйдзе на сцэну і пачне гаварыць нейкім глухім, замагільным голасам.

Так і не ўдалося прыцягнуць яго да сцэны. Прышлося махнуць на яго рукой, пакінуць у спакоі.

Любілі Чаплюка ўсе чыста: і армейцы і сяляне. Нават старыя і тыя ахвотна з ім час марнавалі, ня гледзячы на тое, што і комуністы. І не злаваліся дужа, калі ён над імі часамі жарт які выкіне. Былі ў яго і асаблівыя прыхільнікі сярод сялян, з якімі ён вёў самую заўзятую дружбу. Цікава было бачыць, як калі-небудзь спатыкаўся ён з каторым ад гэтых сваіх сябрукоў. Яшчэ здалёк крычаць абодва ва ўсё горла:

— Чаплюк!

— Дзядзька Зьмітрок!

— Дзень добры!

— Добры дзень!

— Куды?

— Адкуль?

— Сыйдуцца — і пачалося. Толькі:

— Га-га-га-га! Го-го-го-го! — рагоча на ўсю вёску барадаты селянін…

А што свая братва армейцы, дык тыя без Чаплюка жыць не маглі. Ён неяк умеў злучаць усіх — і простых армейцаў і камандзіраў у вадну дружную, сяброўскую сям‘ю. Чуць калі вольная часіна, зьбяруцца, бывала, усе ў чытальню, балалайка, гітара аднекуль зьявяцца — і пойдзе вясёласьць! Іграюць, пяюць, а больш Чаплюка слухаюць. А той адчувае сябе на сваім месцы і „працуе“ ад усяго сэрца. Канчалася ўсё гэта звычайна тым, што замарыўшыся ад сьмеху і сьпеваў, армейцы сядуць разам з сваймі камандзірамі ў гурток і пачнуць доўгую сяброўскую гутарку. І кожны тады адчувае сябе сябром ядынай, моцнай і дружнай пролетарскай сям‘і.

Трапляліся ў армейскім жыцьці гадзіны, калі цяжка прыходзілася хлопцам. І тады Чаплюк быў незамянімы. У яго бы-