надыйдзе дзела да ўсялякіх „формаў“ ды „блянкаў“ — бяда! Ад кампаніі адаб‘ецца, забудзецца аба ўсім-чыста на сьвеце і сядзіць. Строчыць. Колькі ён, бывала, паперы перапсуе, колькі чарніла паразьлівае! А сам запэцкаецца ўвесь, ускалмачыцца — зірнуць страшна.
У гэткую пару звычайна ўся комуна наша неяк цішэла. Спачатку, бывала, пасьмяёмся троху над нашым „пісарам“, пажартуем, а потым кінем яго, займёмся кожны ў адзіночку сваім дзелам — няхай працуе! Зналі, што йначай ня можа наш Чаплюк.
А цяжка-ткі давалася Чаплюку пісарская справа. Яно й ня дзіва: бадай толькі ў арміі ён і пісаць добра навучыўся. Проста ад станка з заводу пашоў ён бараніць Саветы.
Ну, затое-ж і аджывала наша комуна, як вялізным пакетам скідаўся з Чаплюка цяжар месяцовай адчотнасьці! Тады чаплюк — не пазнаць — мяняўся. Трудна было даць веры, што гэта той самы пісака, што толькі што з натугай выседжваў за сталом страшэнныя, вялізныя „формы“.
Дый наагул Чаплюк неяк дужа ўмеў мяняцца. У яго было два абліччы: адно, калі можна так назваць, — „афіцыяльнае“, а другое — „сяброўскае“. Першае зьяўлялася тады, калі Чаплюк быў заняты сур‘ёзнай справай або, як сароміўся. А сароміўся ён часта. Досыць было зьявіцца ў нашай комуне якому-небудзь новаму чалавеку, як Чаплюк, што смоўж, убіраўся ў сваю шкарлупу і выстаўляў напаказ толькі свае наіўна-сур‘ёзныя вочы ды важна напружаны выраз цьмянага твару.
Затое, калі аставаўся ён сярод сваіх блізкіх сябрукоў (а гэткімі былі ўся вайсковая часьць і блізка ўсе мясцовыя сяляне), ён ураз вылазіў з свае шкарлупы і разьліваўся на ўсе бакі ўсёй сваёй істотай.
Чаго толькі ён не вытвараў? Чаго ня выгадваў? Бывала, да таго давядзе, што духу не хапае сьмяяцца. Ён табе і тэатр, і балет, і оперу, калі хочаш. А то проста скорчыць такую міну, што ўсе аж кладуцца. І мастак-жа ён быў міны корчыць! Ды ня проста, абы-як, а ўсё з закідам у чый-небудзь бок.
Больш за ўсё армейцы любілі, як ён „Антанту“ паказваў. Заўсёды, бывала, так і крычаць:
— Антанту! Антанту!
А паказваў ён яе якраз так, як у чытальні на афішы яна была намалёвана, ды так удала — проста дзіва!
Здольны быў хлопец. Хто толькі ня знаў яго, усе ў адзін голас казалі:
— Талент. На сцэну трэба, у студыю, вучыцца.
І ўсе вешчавалі яму слаўную будычыну.