Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цельнага… Трэба неабхадзіма, каб усё вобчаства па свайму собсьцьвеннаму дабравольнаму жаланію і страмленію прыняло катэгарычаскае пастанаўленьне ў хадатальсьцьве аб роўнамерным разьдзеле зямельнай собсьцьвеннасьці…

— Гэта, значыць, зямлю перадзяліць?

— Ясьцесьцьвенна…

— Вунь як… Ну, гэта, брат, пачакай!..

— Яны-б згадзіліся…

— Гэта, значыць, працавалі, працавалі, а цяпер чорту лысаму, лайдаку спрадвечнаму… Не, дзякуй за гэта!

Белабрысы зрабіў выгляд, што хоча сказаць нешта дужа сьмешнае і прапішчэў:

— Ты, кажам, працаваў, а яны лайдачылі… А нашто ты найміта дзержыш?.. Гэта, брат, нельга… Толькі сваімі рукамі можна працаваць, а гэта ўжо будзе… таварыш пісар, як гэта завецца?

— Эксплёатацыя…

Некаторыя зарагаталі…

— А цяпер, — дадаваў белабрысы, — ты павінен аддаць свайму батраку палавіну зямлі, палавіну жывёлы…

— І ўзараць яму на першы раз.

— Не, брат, хутчэй ён падавіцца, пакуль я яму дам хаця атопак.

— Бацюшка йдзе!

— А… час ужо…

— Дачакаліся ўрэшце…

— Дык як, значыць, яму дзесяціну адрэжам? — запытаў старшыня.

— Як-жа, трэба… Каб гэта так, а то яго-ж пожню і дзяліць будзем…

— Гэта-ж не яго, а царкоўная…

— Ну, гэта ўсё роўна…

— Таварыш пісар, а як у паперцы сказана? Га?.. — зноў залапатаў белабрысы. — Між бяднейшых разьдзяліць, а?

І зноў пасыпаўся дробным, прыдушаным сьмехам…

— Усе ўсталі… Падышоў поп… яшчэ малады, з рыжай бародкай…

— Здраствуйце!..

— Дзень добры, бацюшка!..

— Ну, што, „таварышы“, рабаваць нарыхтаваліся свайго бацюшку?..

— Ды не, бацюшка!.. Якое там рабаваць… Мы можа-б і зусім ня бралі ў вас, дык усё роўна возьмуць гэтыя — усякія там Цішкі ды Шлёмкі… Раз папера прышла, значыцца, каб царкоўныя пожні падзяліць між бяднейшымі сялянамі…