Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут багацеі ўсе… І савет тут: старшыня — здаровы мужык з грубым драўляным тварам — толькі вочы хітра, пудліва бегаюць, і пісар — яшчэ маладзенькі, жвавы і пранырлівы, што лісічка… Гэты апошні ў фрэнчыку, галіфэ, з портфэлем — камісар, ды й годзе…

Сяляне гутараць… крычаць, рагочуць. Настрой вясёлы, бадзёры — ведама, моц сваю чуюць… Сьмяюцца здаволена. Старшыня з пісарам — асяродак кампаніі… Старшыня спляча рэжа, а пісар, важна махаючы рукой, цягне што песьню пяе… І сам здаволена прыслухоўваецца да сваёй гаворкі… Нахапаўся недзе слоў розных, якіх і сам добра не разумее, і пэўны, што разумны дужа…

— Нэп… Цяпер, брат, нэп у Расеі… Думалі камуністы з пралятарскім еляментам дзела мець, значыцца, усё па дземакраціі: камуны, таксама салхозы, культуры розныя; а выходзіць, собсьцьвенна, што пралятары на клясавую точку стаў і… усё, значыцца… амінь… Ясьцесьцьвенна, што трэба даць дарогу правільнаму еляменту… сушнасьці самастаяцельны елямент ён мае значэньне…

— Ну, і насабачыўся ты, а! — перапыніў адзін з сялян — белабрысы, чырвоны, з заўсёдашняй хітра-лісьлівай усьмешачкай на твары. — Во, цябе-б у воласьць, на месца Пронькіна… Вось-бы адлемантараваў… хе-хе-хе-хе…

І селянін заліўся цянюткім дробненькім сьмяшком — быццам забрахаў малады шчанёнак…

Пісару гэта ўпадабалася і ён з давольнай мінай нарыхтаваўся цягнуць далей сваю прамову, ужо нават пачаў:

— Ды ня ў тым… Гэта што…

Але старшыня, якому, відаць, не па нутру прышлося, што хваляць яго памоцніка, перапыніў, паказваючы, што і ён таксама троху ведае:

— Яно зразумела… Чалавек сталы, заможны — ён вагу мае, а ні то, што дрындушка якая…

— Ну, а як з хутарамі ў нас? — зьмяніў гутарку стары дзед. — Усё гаманілі, гаманілі, пісалі, а цяпер і ня чуць нічога… Мусіць, прымерзла нашая справа…

— Якое табе прымерзла… Ці-ж цяпер можа прымерзнуць, улетку… Гэта, бачыш, жарка мерыць цяпер, дык да зімы чакаюць…

Мужыкі зарагаталі…

— Ды й як-жа мерыць цяпер?.. Зусім не выпадае… Траву можна папсаваць…

— З хутарамі вось як дзела абстаіць… Собсьцьвенна на хутары няма сушчаствуючага закону, значыцца, дзяйсьцьві-