Як ужо добра надакучыла Мікіце чакаць, бакоўка ляпнула, і паказалася фігура Ягора.
— Чаго марудзіў? — гукнуў Мікіта.
Ягор не адказаў… Мо‘ за ветрам не пачуў?..
— Мусіць, у хату заходзіў?..
Зноў не адказаў… Цяпер ужо напэўна пачуў: блізка… Сунецца моўчкі — роўна, паволі, як таёмная здань…
І тут раптам спалох, востры страшэнны спалох, ня той прыкры і цягучы, што быў у лесе, а балючы, агнявы страх сьмерці — блізкай, нямінучай працяў Мікіту. Ён пачуў, што асобе Ягора на яго насоўваецца сама сьмерць — страшная, няшчадная. З кожным крокам Ягора быццам нейкая сіла прыціскала яго да зямлі, адбірала астатнія сілы. Хацеў крыкнуць — ня здолеў: бы язык адняло… Дрыжачы трымаўся за воз і чакаў…
А Ягор ішоў… Роўна, спакойна. Падышоў і ўзьняў руку… Суха і каротка ляснуў рэвольвэр… Вецер падхапіў зык і разам з сьмяротным гвалтам чалавека захінуў у шэры сьнегавы абрус і аднёс некуды далёка ў неба…
III.
Ня спалася ў гэтую ноч Арыне… Толькі зьвечару заснула трохі, а потым разбудзіла шалёная завіруха… Гудзіць каля вуглоў, стукае ў дзьверы, нібы дабіваючыся ў хату, нецярпліва бразгае ваконнымі шыбамі.
Арына моцна ўкрылася, прытулілася к сьцяне, бы малое дзіцё к матчыным грудзям, і моўчкі слухае… Слухае зыкі шалёнай завірухі. І, здаецца, чуе яна нейчыя ўрачыстыя, пабедныя сьпевы, нейчыя стогны і скаргі, нейкі д‘ябальскі сьмех… Часамі выяўна заплача дзіцё пад вакном, заплача і сьціхне, згінуўшы ў пякельнай чарноце ночы… Часамі чалавечы гоман вылучыцца з мора зыкаў, полаз заскрыпіць, конь засапе… І здасца Арыне, што прыехаў яе Мікіта. Заб‘ецца радасьцю сэрца, адразу пачуецца блізасьць любага. Адляціць страх, а разам з ім адсунуцца кудысь у даль зыкі нягоды, згубяць сваю жыцьцёвасьць і яскравасьць. Узварухнецца Арына, уздымецца на ложку і прыслухаецца к начы, шукаючы яшчэ знаёмых, жаданых зыкаў, каб пайсьці адчыніць свайму гаспадару…
Дарма! Толькі плача і сьмяецца ночная цемра. Воблік Мікіты адлятае кудысь далёка і смутнее, акружаны сьнегавой хмарай. А завіруха зноў падыходзіць, зноў завінаецца каля вуглоў, зноў ахапляе і напаўняе сэрца страхам i жудасьцю. Арына кутаецца ў коўдру і прыціскаецца к сьцяне ўсім сваім дрыжачым целам…