Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пакуль ехалі полем, гэтая думка разбаўлялася ў агульным пачуцьці Мікіты, пакрывалася агульным уражаньнем завірухі. Цяпер-жа, разам з тым, як ціша і жудасьць лесу абудзілі яго і вярнулі да звычайнага душэўнага становішча, гэтая думка раптам узмацнела да таго, што ўсяго Мікіту агарнула страхам. Страх гэты ўсё рос і пашыраўся і напасьледак дасягнуў таго, што Мікіта ня мог нават абярнуцца назад. Яму ўсё здавалася, што Ягор насьцігае яго, што ён ужо нарыхтаваўся, каб ударыць. Па сьпіне прыкрай хваляй перабягалі мурашкі, а няслухмяныя зубы пачыналі дробна тарабаніць. Душу ахапляла моцнае, пякучае жаданьне хутчэй выбрацца з гэтага страшэннага лесу. А пагнаць кабылу ня важыўся, баючыся, каб ня выявіць перад Ягорам свайго страху.

А ў гэты час дзесь угары па густых макушках хвой бегаў шалёны вецер і, як п‘яны мужык сваю жонку, бязьлітасна тармашыў, тузаў і рваў пушныя галіны. Макушкі стагналі і ўздыхалі. Цяжкая пакута, глыбокая скарга чувалася ў іх голаce. І здавалася, што ўгары дзеецца штось таёмнае, вялікае і страшэннае, да чаго з ціхай урачыстай увагай прыслухоўваюцца задумённыя камлі дрэў…

Як выехалі з лесу, Ягор дагнаў Мікіту…

— Паганяй ты! — гукнуў над самым вухам.

Голас яго, зьнецікі спалохаўшы Мікіту, потым супакоіў яго. Мікіта адразу чагось пачуў, што небясьпека мінулася, і адказаў Ягору з павялічанай вясёласьцю:

— Пасьпеем! Недалёчка ўжо…

І, памаўчаўшы, дадаў, перемагаючы вецер:

— Ну і пагодка, няхай-бы яна згарэла!

Хутка цёмнай плямай паказаўся направа ад дарогі Ягораў хутар. Мікіту неспакой узяў. Хутчэй бы ўжо скінуць гэты няшчасны Ягораў мех, мінуць хутар… Там ужо з спакойным сэрцам спакваля дабраўся-б як і да хаты. От толькі-б пазбыцца гэтай прыкрай, цяжкай прысутнасьці за плячыма страшнога чалавека!

Чым бліжэй пад‘яжджалі, тым нецярплівей шморгаў Мікіта лейцамі. Яшчэ колькі часінак і ўсё будзе добра, усё страшное застанецца адзаду, быццам і ня было яго…

Пад‘ехалі… Ягор пашоў адчыніць бакоўку, а Мікіта ўзяўся за мех… Павярнуў, прыладзіў і стаў чакаць Ягора. А той нешта забавіўся: пэўна ў хату зашоўся. Мікіце ўраз прадставілася свая хата разам з жонкай Арынай, смачнай вячэрай і цёплай пасьцельлю. Эх, хутчэй-бы даехаць! Ад нецярпеньня аж нагамі затупаў.