Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мікіце неяк аж шкода было, што шыбка мелецца. Хацелася каб як даўжэй цягнулася мліва, здавалася, што ад гэтага прыбавіцца белай, пуховай мучыцы.

Трэба было толькі зірнуць у гэты час на Мікіту, на яго шчырую працу, на міну, з якой ён усыпаў у мех муку, каб адразу згадаць, што дзеецца ў яго сярэдзіне.

А там было сьвята цэлае. У гэты час Мікіта забыўся аба ўсім-чыста на сьвеце і ўвесь аддаўся пачуцьцю поўнага здаволеньня… Дый як-жа ж! Колькі працы трэба было яму палажыць, колькі гора, трывог перажыць, каб убачыць перад сабой гэтую беленькую мучыцу, гэты пачатак і канец усяго ў жыцьці селяніна! Дык і ня дзіва, што ён глядзеў на яе, як на сваё роднае дзіцё і з асаблівай уцехай песьціў яе сваймі рукамі, загадзя разважаючы, як ён прывязе яе ў двор, паставіць у запеччы і будзе спакойна чакаць вясны.

Сёлета Мікіту пашанцавала. Урадзіла зусім добра, і, хаця зямлі ў яго лічылася ўсяго дзесяціны са тры, дый няўдоб‘я парадкам, а ўсё-ж, як-ні-як, а коп 40 жыта нажаў, ды ярыны — блізка каля гэтага. Праўда, прышлося трохі адсыпаць у казну, але што-ж зробіш: і гэта трэба. Ды ўсё роўна хапіла пуню паставіць, справіць тое-сёе, а цяпер зьмеле, дык да новага й на спажытак хопіць.

Перад вачмі Мікіты паплылі прыгожыя, сьветлыя малюнкі будучыны. Ён ужо, як на яву, бачыў сябе заможным гаспадаром, з добра наладжанай гаспадаркай, з поўным сьвірнам, з цэлым стадам жывёлы…

Марылася яму нешта й зусім салодкае, аб чым ён неяк ня то сароміўся, ня то баяўся мысьліць: гэта тое, што можа праз колькі месяцаў дасьць яму яго маладая ненаглядная Арынка…

Па Мікітаваму твару сама сабой пацягнулася давольная ўсьмешка…

— Памажы божа!

Мікіта, здрыгануўшыся, абярнуўся. А бадай ты згарэў! Каго толькі не жадаў пабачыць Мікіта ў гэтую часінку, дык гэта Ягора Даўгога. А ён, як здань якая, стаяў ужо ззаду і ўсьмяхаўся нейкай дурной і разам хітрай усьмешкай. Ой, гэта яго ўсьмешка! І брыдка і жудасна ад яе робіцца. Вочы сабачыя бегаюць па бакох, што мышкі, быццам баяцца сустракацца з чужым поглядам. А вусны неяк хваравіта скрыўлены быццам гавораць з зларадзтвам:

— Усё знаю, мой міленькі, усё. Усе думкі твае бачу.