дуць, але я ўгавару. А я паеду… Паеду проста ў губэрню яўлюся ў Чаку ці куды там, ды ўсё і выкладу, што ў нас тут робіцца…
— Ладна… Толькі, каб гэта цішком, яны каб ня зналі, а то загадзя прыгатуюцца… яшчэ падвядуць такую машынку, што і чыстымі застануцца… Ды й табе небясьпечна…
— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць… Ды мы дужа ня будзем лапатаць. Толькі што тыя будуць ведаць, што падпісваць будуць… Але ўсё роўна: не схаваешся ад гэтых жулікаў…
— Ладна, глядзі!..
Сябрукі доўга яшчэ сядзелі й гаманілі… Як вышаў Міхалка ад Шлёмкі, на вуліцах ужо пуста было, а ў вокнах цёмна: усе спаць паляглі.
Ноч была цёмная. Патыхаў мяккі, кволы ветрык. Разам з гэтым ветрыкам на Міхалку патхнула чымся бадзёрым, ажыцьцяўляючым. Ён горда выпяў грудзі, уздыхнуў глыбока-глыбока і шпарка пакавыляў.
На душы было лёгка, вальготна, быццам нейкі цяжар зваліўся. Прыняўшы пэўную пастанову, Міхалка супакоіўся… І толькі пад уплывам думак-лятуценьняў, якія трапяталіся ў яго галаве, нецярплівасьць нейкая брала… Хацелася, каб хутчэй-хутчэй споўнілася задуманае. І ён, сам таго не прымячаючы, ішоў усё шпарчэй і шпарчэй, шырока махаючы сваёй дзеравяшкай.
II.
— Ч-ы-ў-ры… ч-ы-ў-р-ы… ч-ы-ў-ры…
Сквапна косы ўпіваюцца ў пожню… З смакам жруць ядраную, сакавітую траву… Аж сьліна цячэ… І то там то сям па ўсім абшары пожань, пад бліскучай сталёвай губой варушыцца і кладзецца ў роўныя, тоўстыя гурбы шаўковая трава… Быццам нейкія цудоўныя зьвяры малыя й пражэрлівыя апанавалі пожню і скубуць-зьлізваюць яе густую поўсьць… А часамі ўздымецца каторы, весела-здаволена блісьне на сонцы і запяе пабедна на ўсю ваколіцу.
— Лясь!.. лясь!.. лясь!.. лясь!..
Ядрана… Рана яшчэ… Толькі сонца нядаўна ўзышло і спрасонку зусім гультава сьвеціць… Пасьля начнога сну яшчэ вочы сабе не прамыла… Нават ня бачыць, што па кветках-красунях яшчэ сьмела-задзірліва зьзяе раса…
У адным месцы гурток сялян… Сядзяць, ляжаць на густой воўне-траве. Воддаль косы паўторкнуты ў зямлю… Пагрозна блішчаць на сонцы вышмурыжанымі языкамі…