Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якраз проці Янкеля. Знаў таксама, што ў Янкеля двор заежджы, што там можна пасядзець, пагрэцца…

Вось толькі сьпяць хіба? Не, яшчэ сьвецяцца вокны. Даніла паляпаў. Адчыніў Янкель, пазнаў яго і ветла запрасіў у хату.

Там ня было нікога, толькі на лаўцы спаў нейкі падарожны. Даніла сеў за стол, паклаў галаву на далоні. Слухаў, як ные, сьсе штось у сярэдзіне. Думаць ня думаў, бо ў галаве было пуста, нібы павымецена ўсё. Толькі слухаў, як садніла сэрца…

Янкель падышоў да яго.

— Можа перакусіш чаго, Даніла?

У голасе спагада чулася. Даніла рукой махануў.

— Нічога не хачу.

Потым, нібы ўспомніўшы штось, схапіў за руку Янкеля.

— Слухай! Можа… выпіць ёсьць што?..

— Янкеляў твар у патаёмную ўсьмешку расплыўся.

— Пашукаем…

Даўно ўжо ня піў Даніла. Ня любіў піць. Але цяпер узрадаваўся, што можна выпіць. Мо‘ палягчэе?..

— Ён піў, не закусваючы. Піў чарку за чаркай, але не лягчэла. Нешта ссала, цягнула. Нешта балюча тачыла сэрца.

Потым растала нешта ў сярэдзіне, разьлілося, ахапіла агнём усе грудзі, к горлу падышло, перасела ў ім, аж дыхаць цяжка… Потым сьлёзы з вачэй пакаціліся. Многа слёз!.. І жаласна-жаласна стала.

Даніла плакаў, схіліўшы на стол галаву. А як узьняў яе, пачуў, што круціцца.

— П‘яны, — падумаў.

І яшчэ піў, каб зусім ап‘янець, каб ня помніць нічога. У галаве буйнымі хвалямі віхаўся зялёны туман. У нутры нешта ўздымалася, бурліла, штурхала, рушыла з месца. Хацелася пабегчы, паскакаць, дагнаць кагосьці…

Вылез з-за стала і, хістаючыся, пашоў з хаты. Дзіўна, сьмешна стала, калі Янкель хацеў затрымаць. Ганна то-ж ня пускала. Баяцца… А чаго — няма ведама…

На вуліцы весела. Сьнег гэты, бель бяскрайная… Круціцца ўсё, скача ў шалёным карагодзе… Вецер жартуе. З-за вугла выскачыць, шпургане ў твар ахапкам сьнегу і наўцёкі…

Ну ладна… жартуй, шпургай… Ты-ж малады, вясёлы. Даніла то-ж малады, Ён то-ж жартаваць, гуляць хоча… Ён — разам з ветрам, разам з гэтай разьюшанай бельлю…

Даніла спыніўся ля Ганьнінае хаты. Хістаючыся падышоў пад вакно, абапёрся рукамі аб сьцяну.