Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

IX.

Праз тыдзень быў суд. У гэты дзень Даніла не пашоў на работу. Хадзіў усё па гораду. Бяз усякае мэты, так сабе, бо ня мог заставацца на месцы. Рупіла ўсё, турбавала тое, што будзе сёньня.

Раз-по-разу ў суд заходзіў, хоць і знаў, што толькі вечар яго справа разьбірацца будзе.

Хадзіў Даніла па вуліцах гораду, хадзіў, утупіўшыся, і ўсё думаў. Думаў, што вось сёньня кончыцца адно, а заўтра — другое… Заўтра ён будзе зусім вольны. Зусім, зусім, як птушка… Не, не як птушка, як вецер, во гэты, што шугае па заўгольлю, што круціць віхрам… Ён вольны і малады.

А заўтра і Даніла будзе такім. Тады — куды-хаця, тады ўсе дарогі адкрыты. Тады жыцьцё пачнецца.

Заўтра, заўтра… Толькі хутчэй бы вось гэта кончылася. Гэта прыкрае, нялюбае… Людзі будуць глядзець, слухаць. Будуць шаптаць адзін аднаму, будуць і ў вочы сольлю кідаць. Будуць сьмяяцца зларадасна. Эх, прыкра… Хутчэй-бы мінулася гэта, кончылася пакута!

А тады дзяцей у дзіцячы дом, няхай там растуць, разьвіваюцца, да жыцьця новага гатуюцца. Выцягнуць толькі іх з багны. А сам… Вольная праца, вольны адпачынак… I Ганна… Яна будзе з ім, яна ня кіне. Толькі хутчэй, хутчэй! Каб не спазьніцца, каб не прамінула, ня згінула шчасьце…

І Даніла, сам таго не прыкмячаючы, ішоў усё шыбчэй і шыбчэй, быццам і сапраўды сьпяшыў за шчасьцем. Схамянецца, азірнецца наўкола, на апранутыя ў зімовую бель вуліцы, быццам сам сабе задзівіцца, куды ён рупіцца так, — а потым ізноў углыбіцца ў думкі, ізноў пад уплывам іх шпаркага лёту ўсё падбаўляе і падбаўляе ходу.

Як ужо ў паветры ледзь прыкметна разьлілося рэдзенькае валакно змроку, Даніла ізноў падходзіў к будынку народнага суду.

У досыць раскошным пакоі было поўна людзей. Як увашоў Даніла, усе нацэліліся ў яго цікавым поглядам. Зашапталіся. Адразу ўцяміў Даніла, што сабраліся на яго паглядзець, яго цікавую справу паслухаць. Дасадна зрабілася і прыкра. Нахмурыўся, але сьмела, проста стаў усіх азіраць.

Шукаў вачмі Ганну — ці ня прышла… Не, няма. Замест яе, жонку убачыў. Сядзіць у кутку, акружаная суседкамі. І з ёй яны… дзеці. Прытуліліся палахліва да маткі.

— Нашто прывяла! Нашто душы псаваць дзіцячыя!..

І злосьць на Арыну выбухнула ў Данілы.