Перайсці да зместу

Старонка:У віры жыцьця (1925).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Збай, татачка! — у адзін голас прагукалі.

Ён пачаў:

— У далёкай, далёкай старонцы, там, дзе ніколі зімы ня бывае, дзе сонейка сьвеціць заўсёды, там жыў адзін волат. Цяжка яму жылося, бо ня меў ён волі. Спакон веку ён быў прыкуты да каменя магутнымі, цяжкімі ланцугамі. Яны спавівалі ўсё яго цела і былі гэткія моцныя, што нават павярнуцца не давалі. Ён часта напружваўся, хацеў парваць ланцугі, але толькі глыбачэй уядаліся яны ў цела. Ён стагнаў і плакаў… Якраз каля таго каменя, да якога быў ён прыкуты, вырасьлі дзьве кветкі. Такія, што ўюцца каля якога-небудзь прадмета, нібы хмель наш. Толькі яны былі гэткія прыгожыя-прыгожыя. І вось яны абвіліся вакол гэтага волата. Яны прыбралі яго. аздобілі і давалі яму вялікую ўцеху сваім хараством. Ён палюбіў іх больш за ўсё на сьвеце, бо яны быццам палягчалі яго няволю… Але прышоў час, і ланцугі зьела іржа. Волат зрабіў апошнюю патугу, і яны рассыпаліся. Вольна ўздыхнуў волат, радасна, сьмела зірнуў наўкола і шукаў толькі напрамку, куды-б пайсьці. Бо ён быў вольны і магутны. І вось тады ён убачыў, што тыя кветачкі, якія абвівалі яго, засталіся цэлыя, бо яны былі маладыя і гібкія. Ён папрабаваў іх разблытаць, але ўбачыў, што прырасьлі яны, да яго цела сваім гольлейкам. Яму так шкода было гэтых кветачак, што ён доўга думаў, ці парваць іх, а самаму пайсьці ў вольны сьвет, ці застацца, каб ня, згубіць іх маладога жыцьця. Бо ён дужа-дужа іх палюбіў…

Даніла змоўк. Углыбіўся ў думкі. Сьцёпка азваў яго:

— Татка! А яму-ж можна было выкапаць іх з каранькамі і панесьці з сабой туды, куды сам хацеў ісьці…

Бацька зірнуў на сына кахаючым поглядам.

— Праўда, сынок… Ён так і зробіць…

— Як зробіць?

Але ў гэты момант ляпнулі дзьверы матка прышла. Даніла пакінуў дзяцей, сам вышаў з спальні і зноў стаў хадзіць узад і уперад. У яго ўжо склаўся замер канчаткова пагаварыць з Арынай.

— Трэба кончыць, парваць гэтую блытаніну.

Арына ў кухні нешта парадчыла. Зараз увойдзе, пачнецца…

— Ну, няхай. Апошні раз…

Арына ўвайшла, спынілася, убачыўшы яго.

— Прышоў… каб па табе трасца хадзіла! Чаго табе трэба? Ты-ж адрокся ад усяго, ты-ж зьмяніў сваю сям‘ю… Чаго ты прыходзіш сюды? Чаго ты мучыш мяне?

Даніла перапыніў яе.