Разбойнік Буйтра з цемры лесу зьбег,
пярсьцёнкі-валасы рукамі злосьці рве ён.
У родным горадзе знайшоў сабе начлег,
начлег дала яму ў сваім прытоне Лэя.
Чураўся ён дзяўчат, хаваўся ад людзей.
А як напоены адстоенаю брагай —
дарма ня пройдзе ноч! Бываць ліхой бядзе!
Пакажа Буйтра моц разбойнічай адвагі!
Пад хмелем выйдзе ён, пад хмелем што яму?
Навостраныя зубы, нож па-за халявай…
А ноч стаяла цёмная… Забраўшыся ў карчму,
ён там пачаў сваю звычайную расправу.
З прасоньня гаспадарава дачка
„Давід“ — трывогай бацьку свайго звала.
— Пазнала! — крыкнуў Буйтра і яго рука,
каб сьцяць сьляды, — жыцьцё дзяўчынкі сьцяла.
У вечар пятніцы за сьвечкамі яўрэй
чытае нарасьпеў мальбу, як сьвет, старую.
Угледзіць кожны ў цёмных зарасьлях брывей
вялікі сум, журботнасьць векавую:
— „Ня лёгка жыць і крыўдна, гэта горш,
разьня, пагром — няшчасны лёс народны.
Жыві, чакай, трывай — усадзіць востры нож
рука аідэшэ пагібельлю халоднай“…