Старонка:Успаміны Лявіцкая Бадунова.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Праўда, што за апошнія часы выдаецца ўжо шмат чаго, дзякуючы бязупыннай працы беларускіх пісьменьнікаў і дзеячоў.

Будзем спадзявацца, што і творы Ядвігіна Ш. будуць выданы ў хуткім часе.

Ядвігін Ш., як грамадзянскі дзеяч.

Гэты жывы, заўсёды шукаючы праўды чалавек, жыў толькі Беларусьсю і для Беларусі. Усе лепшыя маладыя гады свайго жыцьця ахвяраваў ён на цяжкую, тагды вельмі няўдзячную працу нацыянальнага і культурнага адраджэньня беларускага народу.

3 моманту заснаваньня «Нашай Нівы», ён быў там адным з бліжэйшых супрацоўнікаў. За ўвесь час яго працы на працягу больш дваццацёх гадоў, ён бязупынна працаваў то ў культурных, то ў бежанскіх, то ў палітычных беларускіх арганізацыях. Ня было той беларускай газэты, у якой-бы ён ня прымаў удзел, ні тэй арганізацыі, дзе Ядвігін Ш. не займаў-бы пачэснага месца. Хоць сілы пісьменьніка былі вельмі слабыя, а здароўе моцна парушана галодным і халодным жыцьцём і цяжкай працай.

Здаецца, ён не належаў ні да якой палітычнай партыі. Аднак-жа гарачая душа яго заўсёды была з тымі, хто ў адпаведныя часы агнявога паўстаньня проці ўгнетацеляў змагаўся за волю для свайго народу, за шчасьце агульна-людзкое.

Праўда, нябожчык не спадзяваўся, што так скора просты беларускі селянін і работніх забіты і загнаны панамі і чыноўнікамі, абдураны папамі і ксяндзамі, пакінуты сваёй уласнай інтэлігенцыяй, — зможа нарэшце разьбіць ланцугі няволі і зразумець сваю адвечную нацыянальную крыўду.

Ён ненавідзеў стары парадак, але ня верылася яму, што новае жыцьцё пабудуецца разумна. Нямала спрачаўся ён з намі, маладым пакаленьнем, шмат чаго чорнага казалі мы адзін другому. А толькі наступаў час шырокай працы, і ён, стары, сьмела йшоў з намі, гарачымі і маладымі галавамі. У такія часы ён пачынаў верыць у народныя сілы. Пакідала яго і звычайная асьцярожнасьць, ня тая трусьлівая асьцярожнасьць, якая прымушае нягодных і жалкіх людзей адыходзіць ад беларускага руху з страху загубіць сваю кар'еру, — а асьцярожнасьць мудрага, пражыўшага жыцьцё барацьбіта. Ён быў з намі, ён сьветла верыў і з вялікім закаханьнем да бацькаўшчыны зноў прымаўся за справу беларускую.

Пісьменьнік сярод сям'і.

Як сем'янінa і чалавека, пазнала я Ядвігіна Ш. летам 1918 году, калі мне здарылася правясьці больш месяца сярод яго сям'і на хутары Карпілаўцы, у 30 вярстох ад Менску.

Мы выехалі разам з пісьменьнікам з Менску на хурманды раніцай у ясны вясеньні дзень. Ехаць трэба было па дзіўнай мясцовасьці. Прыгожыя ўзгорачкі, прыветныя хутаркі з белымі вакенцамі і садзікамі спатыкалі нас на кожным кроку, а перад вачамі шырока і далёка раскінулася хора лясоў.