Перайсці да зместу

Старонка:Узгадаваньне характару (1928).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі магчыма нешта такое ў тое ці іншае моладзі — немагчыма ў Беларусоў. Мы ім, а яны нам не раўня.

Глянь чытачу на тое, што буду казаць, а ўбачыш неабходнасьць вялікую падумаць, разважыць, дасьледзіць да канца пытаньне ўзгадаваньня характару. Мо скранешся й ты, бо прызнацца кожнаму трэба, што з характарам у нас дрэнна. Чаму й скуль пачынаецца і чаўпецца тое блага? У першай чарзе школа сучасная, дрэнная агульна, што-ж казаць аб той, якую бачым у нас. Штодзеннае жыцьцё выяўляе за шмат мо’ нат прыкладаў. Адзін з пэдагогаў кажа: „Сяньняшняя школа падтрымліваець пассыўны, інэртны характар, узгадоўвае глядзельнікаў жыцьця, якія найлепей ужо калі здоляюць „ведаць“, ніколі ня будуць умець „хацець“. Глянуўшы добра нат і апошніх ня шмат убачым.

Небясьпеку абнядужаньня паўсюднага адносна сілаў ўнутраных бачаць ўсенькія лепшыя адзінкі зпаміж людзей, якія ўзгадоўваюць моладзь. Літэратура замежная поўная гэтым праблемам. Цікуюць ня толькі настаўнікі, а і палітыкі, і грамадзкія працаўнікі, і часта больш сьведамыя з бацькаў. Усе з свайго боку гледжаньня зацікаўлены. Зацікаўленасьць гэная не з аднае прагі за навіною. Дый пытаньне само надта ня новае, яно ўжо мае сваю вялікую мінуўшчыну, пачынаючуюся калісь ў пару расьцьвету думкі старасьветных Грэкаў, захоплівае амаль ня бязвыключна той аграмадны натоўп найвялікшых адзінак з шаругі думаньнікаў такое меры, як Кант, Лёк, Гербарт…

Навіна ў адношаньні да гледжаньня на характар адна мо‘ толькі будзе — гэта мэтады, якімі валадаюць і хочуць карыстацца людзі, лятуцячы аб зьдзейсьненьні будучага, ідэальнага чалавека. Скажам, што сёньня праблема нашая мае погляд больш навучны, трываўкі, калісь былі хутчэй прыгожыя пажаданьні, абаснаваныя на досьледах розуму без датарнаваньня ўсяго, чаго вучаць практыкаваньні ці самое жыцьцё.

Дык жывучасьць гэнае праблемы не адгэтуль. Жывучасьць яе ў том паўсюдным маракаваньні, бядаваньні па нястачы людзей з характарам. Вонкавасьць захоплівае ўсіх і імчыць за сабою, не пакідае хвілінкі, каб глянуць ў сярэдзіну, „пакалупацца“ з самым сабою, прывыкаема лёгкаважыць ўсенька, што ня блішчыць не маніць вока надворнаю пазорнасьцю… Гэткае адношаньне пакіне выплады бязумоўна благія, бо-ж уся дагэтачасная нашая культура, калі й можа пышніцца здабыткамі, дык ня з эгоізму яны, наадварот — крыніцаю ім была самаахвярнасьць, самазрачэньне собскага, невялікага на карысьць паўсюднасьці, праяваў жыцьця ня мінаючых.

Заблытанасьць адносінаў сёньняшніх у кожнай галіне, скумячанасьць бязумоўна вялікшая, чымся была калісь, вымагае ад кожнае адзінкі заўсёднага напружаньня ўсярэдзіннага, каб ня блудзіць наманіцамі, сустрэнуўшы слабенькую якую запыню на шляху сваім, ды каб не расцярушыцца самому зусім.

Напружаньне гэнае ня што іншае як „трываўкасьць прэдпасылак маральных у суцэльнасьці духовага ядра чалавека“[1].

  1. Л. Залескі.