тральным гэроем свайго твору гэтую немку і каб увесь роман, або хоць палавіна яго, была напісана ў гэтакай мове? А ў нас гэтак пішуць.
Самі аўтары не клапоцяцца пра беларускую культуру беларускае мовы. А іх гэроі дарэшты глумяць гэтую культуру. „Лунныя лапы“ жывуць і ўкараняюцца.
І гэта ня выпадак з двума ці трыма літаратарамі. Гэта цэлая плынь у нашай літаратуры. Прадстаўнікі гэтае плыні даводзяць, што літаратар не павінен клапаціцца ні пра мову, ні пра стыль свайго твору. Ён можа абы як перадаць сюжэт. А стыль і мову яму зробяць і выправяць выдавецтвы і рэдакцыі.
…„Наагул, нашым сучасным выданьням бракуе пэўнай стылістычнай апрацоўкі — рэдакцыі. Тут ясна, што сам аўтар ня можа быць рэдактарам сваіх твораў. Думаецца, што пры наладжанай стылістычнай рэдакцыі шмат якія творы, што цяпер выкідаюцца Дзяржаўным Выдавецтвам без абы якой рэдакцыі, мелі-б больш адшліфаваны, гожы выгляд“… („Полымя“ № 7 за 1927 г., бал. 254.).
Дзе гэта ёсьць, каб культурны пісьменьнік дазволіў каму-небудзь правіць стыль і мову свайго твору? Стыль і мова — гэта-ж выяўленчыя мастацкія сродкі пісьменьніка. Ніякіх-жа стыляў тады ня будзе, а будзе „наогул“. І хоць шмат таго, што друкуецца ў некаторых нашых „тоўстых“ часопісях, пускаецца на ўзьвей вецер, усё-ж гэтая прапанова паказвае на ўзровень культурнасьці ў некаторых нашых інстытуцыях, што падручыліся фармаваць вялікую культуру гушчаў беларускіх сялян і рабочых. І як далёка яны асталіся ад гэтай культуры!
Пролетарскі зьмест 'і нацыянальная форма культуры! Мы думаем, што для нашае культуры гэта павінна быць: пролетарскі зьмест і беларуская форма. А гэтае беларускае формы і заваду няма. У літаратуры — кірункі мовы, фразэолёгія, а значыцца, і стылі цалкам пераймаюцца чужыя.
Літаратурная мова павінна быць моваю чыстаю, беларускую. Карэньні яе — у мове народнай. Літаратары павінны навучыцца моўна думаць пабеларуску. Яны павінны абудзіць у сабе або пастарацца ўспрыняць (калі не давялося мець яе змалку) беларускую моўную стыхію. Бо калі гэтага ня будзе, яны будуць, як і цяпер, шкодзіць нацыянальнай форме культуры. Беларуская фразэолёгія ў беларускай літаратурнай мове будзе спрыяць вырашэньню проблемы беларускага стылю нашае пасьлякастрычнікавае літаратуры.