няма. Калі хто з працаўнікоў гэтае рэдакцыі і ведаў калі-небудзь беларускую мову, дык гэтыя веды затанулі ў моры „лунных лап“. Я ня шукаў адмысловага паасобніку „Чырвонае Зьмены“, а ўзяў той, які ў мяне якраз ляжаў на стале. Гэта № 94 (621). „Лунных лап“ тут доўга шукаць ня трэба.
„Усё растучая ваенная небясьпека“. „Акажа дапамогу“. „Пагэтаму“ — („поэтому“). „Будучых боек“. „Француская сэкцыя КІМ’у працягвала хаваць слаўныя традыцыі“. „Сумела ажыцьцёвіць“. „Раздаваліся гучныя словы“. „Дастойныя словы“. „У будучай перамозе“.
Гэта ўсяго з двух невялічкіх артыкульчыкаў; дый ня ўсё яшчэ гэта з іх выпісана. Або вялікімі літарамі загаловак „Падаючага — піхні“. Гэтак яно, мусіць, і робіцца. „Чырвоную Зьмену“ трэба, каб чытала моладзь. Чытае моладзь, якая зьнішчае сваю няпісьменнасьць. І, навучыўшыся чытаць, гэта моладзь вучыцца ў газэце няпісьменнасьці. Што-б гэта сказалі расійцы, каб хто на расійскай мове замест „на крыше растут мхи иные, чем в лесу“, напісаў — „на крышы растут мохи иные, чым в леса“. А у нас беларускую мову падаюць у гэтакім выглядее.
Вось яшчэ трохі жаргону з таго-ж паасобніка „Чырвонае Зьмены“:
„На самай справе“. „Мігам праскаўзьне міма“. „Пачалі перагортваць карты, пачалі глядзець, ці няма дзе-небудзь зорак, якія па меры перагортваньня аказаліся-б больш і больш разыходзячыміся, якія ўсё больш адлучаліся адна ад другой…“
Успамінаецца яшчэ адзін загаловак: „Дарагога таварыша ня стала“ Калі згадзіцца, што гэта напісана беларускаю моваю і калі выказаць гэта расійскаю моваю, дык яно будзе: „Дорогого товарища не серьёзно“. Бо „сталы“ — гэта ў нашай мове „серьёзный“. А „стала“ — „серьёзно“.
Або вось у дадатку да „Савецкае Беларусі“ надрукавана нататка пра Л. Талстога. Дык яна займае ўсяго якіх-небудзь 180—200 газэтных радкоў, а ў ёй „лунных лап“ не абабрацца: „Старец, паражэньняў, цянётах, фігуру, нанясеньня, верная мерка, выступаючай, адкрыўшы („открывший“), пажадаўшыя, існуючага, укладам экономічных адносін…“
У п’есе „Каля тэрасы“, якую ставіць Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр, ёсьць гэтакая зьява. Бяжыць сялянка і крычыць: „У чым справа, у чым справа?“ Няўжо гэта крычыць сялянка? Не, гэта крычыць сам аўтар п’есы. Ён думаў: „в чем дело“ і пісаў „у чым справа“. Дзе гэта аўтар чуў, каб сялянка гаварыла гэтак? Таму і чуецца тут фальш, таму і траціцца вобраз ці тып сялянкі. І вінавата тутака моўнае думаньне аўтара, якое зусім чужое сялянцы-беларусцы.
Або ў гэтакім надзвычайна мастацкім тэатравым паказе, як „Сон у летнюю ноч“, сказ „Ужасу больш“?! Якія надзвычайныя хвіліны асалоды перажывае глядач, бачачы і чуючы ў тэатры выкананьне ролі кіраўніка грэцкіх бадзякаў-актораў! (Ролю гэтую выконвае, здаецца, артысты Сяргейчык). Якое надзвычайнае хараство ў адценьнях гутаркі, якія суладжаны з рухам цела гэтага чалавека! Надзвычайна высокае