Перайсці да зместу

Старонка:Узвышша. 1928. № 5.djvu/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„Лунныя лапы“ ўсялякіх „Над абрываў“ якраз створаны гэтакім-жа самым прынцыпам.

„Дык гэтаму-ж Баханская галаву закруціла, мусіць хоча выйсьці за яго замуж“. Аўтар добра ведае: „она ему вскружила голову… выйти замуж“, дык ён піша „галаву закруціла“. Беларуская мова ведае гэтакі зварот, ён ёй вельмі ўласьцівы, але ён ужываецца зусім іначай. Напрыклад, гэтак: „каб табе галаву на бок закруціла“. „На гэтых днёх зайшлі яны да Батурскага“. Ня піша ён „гэтымі днямі“, а „на гэтых днёх“. Як-жа ён можа напісаць гэтак, як гаворыць беларускі селянін або не зрусіфікаваны рабочы, калі ён сам прывык гаварыць „на этих днях“. Або „даклад датычыўся самавольных парубак“. Ці ня лепш-жа было напісаць „доклад касался самовольных порубок“? Гэта была-б жывая прыгожая расійская літаратурная мова. А то — пераносіць гэты, прыгожы ў расійскай мове, сказ у мову беларускую, не адчуваючы, што ў беларускай мове гэтакага кірунку няма. Уводзіць у беларускую мову „крыніцу, якою адчыняюць шафу“ і думае гэтым дубовым пілавіньнем забіць жывую прыгожасьць народнай мовы. Няўжо гэта цяжка напісаць: „у дакладзе гаварылася пра самавольныя парубкі“? Але дзеля гэтага трэба вывучыць мову, калі ўжо не давялося ведаць яе змалку.

Небеларуская фразэолёгія захавана цалкам. Усё гэта атулена вянком з тых словаў, якія створаны паводле расійскіх, і створаны людзьмі, якім трэба было як-небудзь беларусізавацца. Яны добра ведалі расійскую мову, але зусім ня ведалі беларускае. Дык замест таго, каб вывучыць беларускую мову, яны пачалі тварыць сваю, уласную. І, доўга не працуючы, можна сказаць, проста гуляючы, стварылі свой жаргон. І пішуць усялякія свае „сінеючыя, захаваўшыхся, падаючага, дадзеныя“… Трэба было яму ўжыць „безусловно“. Але як ты яго тутака ўжывеш, калі трэба беларусізавацца. Дык ён падумаў: „условие“ — кажуць людзі, што пабеларуску будзе „умова“. Дык чаму не напісаць „бязумоўна“? Або замест „у нас есть данные” не напісаць „у нас ёсьць дадзеныя“? Усё, як мае быць. Вось і пайшлі ўсе гэтыя „прыблізна, неабходна, адносна“ і г. д. У народзе гавораць „збольшага работа скончана“. Але кніжная мова трымаецца зусім іншых прынцыпаў. Вы думаеце, чалавек, які піша для друку, напіша гэтак? Ён напіша: „прыблізна работа скончана“. І спакойны душою, што ведае беларускую мову.

Але асобныя славечкі — ня гэтак яшчэ страшныя. Больш удалыя з іх прыжывуцца, няўдалыя могуць адсеяцца. Самая бяда гэта ў навязваньні беларускай мове зусім неўласьцівай ёй фразэолёгіі. Гэта вядзе да таго, што ў быце беларускае вёскі, напрыклад, мова будзе адна, з усім яе хараством і багацьцем орыгінальных формаў, а ў кнігах для гэтых-жа самых людзей мова будзе іншая. Якраз тое самае, што даўней казалі: „вучыся, сынку, чытай кнігі, можа табе як бог паможа выйсьці ў людзі“. Дык ня будзеш ты тагды гаварыць гэтак проста, як мы, цёмныя людзі“. Гэта ня сьмех. Гэта горкая праўда. „Лунных лап“ народная мова ня ведае. Іх прыдумалі няпісьменныя пісакі.