Перайсці да зместу

Старонка:Узвышша. 1928. № 5.djvu/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

беларускую творчасьць. Адразу-ж першае слова — загаловак: „Над абрывам“. Аўтар думаў „над обрывом“ і напісаў „над абрывам“. Ня ведаючы, што ў беларускай мове „абрыў“ гэта значыць „парасюк лычам дрэва абрыў“. Якраз, як той аўтар „лунных лап“ думаў: „И такие смешные следы лунных лап по утесам легли“ і пісаў: „І такія сьмяшныя сьляды лунных лап па уцёсах ляглі“. А пасьля пачынаецца тэкст твору „Над абрывам“ і адразу-ж з першага сказу: „Вясна ў тым годзе наступіла неяк рана“. А за гэтым і скрозь пачынаецца: „зьвярнуўся да свайго суседа па фурманцы”. „Ты занадта вялікае значэньне прыдаеш барацьбе з адзінкамі“. (33 бал.). Мы пераможам, калі асабістае, прыватнае прынясём у ахвяру агульнаму, грамадзкаму”. (34 бал.). „Зграбная, хілкая постаць, абрысы якой адзначаліся з-пад лёгкай, адпаведнай часу вопраткі, прыдавала ёй выгляд вясеньняй жывасьці“. „Праворным махам рукі“. „Але большае ўражаньне выклікаў яе праніклівы погляд“. „А мо' адабрэньне?“ „Пранікала ў душу“. „Карпіцкі таксама накіраваўся паглядзець, як разьмяшчаюцца аддзелы“. „Памяшканьні для службы“. „Рэзка няпрыемна рыпалі цьвікі пры распакоўцы скрынак“. (35 бал.). „Густа пасеенымі, колеру ільнянога насеньня, плямкамі на твары“. (36 бал.). „Ды гэтаму-ж Баханская галаву закруціла - мусіць хоча выйсьці за яго замуж“. „У белай кофтачцы“. (37 бал.). „Адсюль адкрываўся прыгожы малюнак“. „Даклад датычыўся сама, вольных парубак лесу“. „На гэтых днёх зайшлі яны з Батурскім у парт'ком пагутарыць наконт водпуску дрэва“. (38 бал.) і г. д. і канца-краю няма гэтым „лунным лапам“, на кожнай балоне, да самага канца. Усіх іх я выпісваць ня буду, бо дзеля гэтага трэба перапісаць усю рэч, з пачатку да канца. Кожны сказ тут паказвае, што аўтар яго моўна думае парасійску. Сапраўды, што гэта „вясна наступіла“? Наступіць можна (думаючы ў беларускай мове) каму-небудзь на нагу, можна наступіць на жабу і растаптаць яе. Але аўтар думаў: „весна в этом году наступила как-то рано“. І пісаў гэта беларускай транскрыпцыяй, зьменьваючы, як умеў, некаторыя словы. Але характар, кірунак сказу застаўся цалкам расійскі. „Ты занадта вялікае значэньне прыдаеш барацьбе“… Гэта значыцца, парасійску дзіка-няпісьменна напісана, „…большое значение прыдаешь борьбе“… Трэба ведаць, што мала замест „слишком“ напісаць „занадта“ і замест „большое“ напісаць „вялікае“. Трэба ведаць, што ёсьць фразэолёгія, уласьцівы кожнай мове свой уласны кірунак сказаў. „Мы пераможам, калі асабістае, прыватнае прынясём у ахвяру“… Аўтар уяўляў сабе гэтак: „Мы победим, когда личное, частное принесем в жертву“…

Дзе аўтар чуў гэтакія характары сказаў? Калі ён чуў іх у канцылярыях, выдавецтвах, рэдакцыях, дык гэта не дазваляе яшчэ пісаць гэтак для друку. Бо зьбеларусізаваныя чыноўнікі, а часта і рэдактары, пазнаёміўшыся з „практычных слоўнікаў“ з „беларускаю моваю“, замест, напрыклад, „я не имею охоты идти“, гавораць: „я ня маю паляваньня ісьці“, замест „половые отношения“ гавораць „падлогавыя адносіны“, замест „дай ключ открыть шкаф“ — „дай крыніцу адчыніць шафу“…