Перайсці да зместу

Старонка:Узвышша. 1928. № 5.djvu/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі

КУЛЬТУРА МОВЫ

Кузьма Чорны.

"2“ чытаецца як "дз“

"G“ чытаецца як "дж“.

Небеларуская мова ў беларускай літаратуры

Вялікая беларуская моўная стыхія ня толькі не загінула за час шматвяковага нацыянальнага падняволеньня Беларусі, ня толькі ня была праглынута моцнымі культурамі суседніх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацьцё орыгінальных формаў, служачы нават багатым матар’ялам для суседніх моўных культур. Беларуская мова — мова беларускіх казак і песень, фразэолёгія народнае гутаркі, — гэта найглыбейшая самабытнасьць і хараство.

Сіла самабытнасьці слова разбурае ўсе спробы іншых моўных культур залічыць якую-небудзь мову ў свае „наречия”. Гэта даведзена якраз прыкладам з беларускаю моваю. А чым больш нацыянальных асаблівасьцяй мае гэтая культура, тым больш гэта ўзбагачае тыя нацыянальныя элемэнты, з якіх ствараецца агульная чалавечая культура.

Усё гэта даўно вядома. Але ўсё гэта даводзіцца прыгадваць з тае прычыны, што мы перажываем асаблівую пару ў разьвіцьці нашае культуры. З аднаго боку — яшчэ і цяпер ня зусім змоўклі галасы некаторых акадэмікаў і доцэнтаў пра „наречие“. З другога боку — павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры. І тут паўстае найвялікшае пытаньне мовы. Бо каб гэтыя „вышэйшыя формы культуры“ былі і вышэйшымі і беларускімі, няйначай трэба, каб яны былі сапраўды ў беларускай мове.

Беларуская жывая літаратурная мова перажывае цяпер пару свайго фармаваньня. Дык, трэба каб усе ўсьвядомілі, якую вялікую гістарычную адказнасьць жыцьцё ўсклала на літаратараў, гэтых адзіных тварцоў жывога кніжнага слова. А тымчасам частка літаратараў, трэба думаць, не зразумела сваіх задач у моўным пытаньні, мусіць не адчувае на сабе гэтае адказнасьці. Бо траха ня ўсе нашы часопісі і газэты, а таксама творы некаторых пісьменьнікаў выходзяць у сьвет у гэтакай мове, якую можна назваць сапраўды толькі „наречием“. Фразэолёгія гэтае мовы зусім не беларуская. Гэта фразэолёгія тэй мовы, стыхія якое пануе ў аўтара, на якой у аўтара процэс думаньня. Гэтая зьява, якая ня толькі не слабее, а набывае памеры нястрыманай навалы, цяжкім каменем загароджвае дарогі разьвіцьця беларускае культуры.

У „Узвышшы“ № 2 за 1927 г. Уладзімер Дубоўка ў сваім артыкуле „Пра нашу літаратурную мову“ ўспамінаў адзін верш, які напісаны