Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

барадаты", „Ой, мой божа, веру табе", верш „Ты-ж сам, суседзька, хацеў" і г. д. Баршчэўскі напісаў вершы— „Рабункі мужыкоў", „Гарэліца", „ А чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята" і шмат беларускіх уставак у сваім польскім творы

„Sclachcic Sawalnia - czyli Bialorus w fantastycznych opowiadaniach". Я. Чачот пісаў лірычныя вершы, вельмі падобныя да народных песень.

Апрача таго, пісьменьнікі беларускай школы сабралі шмат матэрыялаў як бытавых, так і па народнай творчасьці на Беларусі. Я. Баршчэўскі выдаў зборнік у расійскай мове пад назваю: „Очерки северной Белоруссии". Ян Чачот выдаў дзьве кніжкі сабраных ім народных твораў пад назваю: „Piosnki wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny". Тут ён даў месца 120 народным беларускім песьням, 150 народным прыказкам і прыметам. Да сваіх зборнікаў Чачот дадаў невялічкі слоўнічак бела­рускіх слоў. У тыя самыя 30-я і 40-я гады зьбіраецца і дру­куецца ў польскай мове зборнік Е. Тышкевіча пад назваю „Апісаньне Барысаўскага павету ў статыстычных, прамыслова-гандлёвых і мэдыцынскіх адносінах". У зборніку ёсьць шмат і гістарычных матэрыялаў. Тут таксама можна знайсьці нарысы штодзённага вясковага жыцьця, народныя песьні, замовы й забабоны; шмат ёсьць і прыказак. Пазьнейшыя зьбірацелі этнографічнага матэрыялу часта карысталіся з зборніка.

Аўтары беларускай школы польскай літаратуры па сваім соцыяльным стане зьяўляюцца шляхціцамі. Зразумела, што іх творы наскрозь прасякнуты шляхецкімі поглядамі на бела­рускае сялянства. Часам яны нават і спачуваюць цяжкай, бяз­выхаднай волі селяніна, але наогул усе яны лічаць, што пры­гоннае права і прыгонная гаспадарка зьяўляюцца тэю асноваю жыцьця, якой ні ў якім разе няможна парушаць у імя грамадзянскай і дзяржаўнай карысьці. Такі іх соцыяльны погляд яскрава выяўляецца ў іх творах, асабліва ў творы Баршчэўскага „Рабункі мужыкоў". Сяляне паўсталі ў часы кампаніі 1812 году супроць свайго пана. Яны прагналі яго з маёнтку і захапілі ў свае рукі пры дапамозе францускіх салдат пан­скі двор. Баршчэўскі вельмі не спачувае такому зьявішчу. Ён стараецца абсьмяяць сялян і намаляваць іх паўстаньне ў комічных хварбах.