Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прысягаем да госпада бога царам на згубу, панам для на­вукі, што на той зямлі не паўстане нага а ні гэта паганска, а ні гэта тыранска, хоць ся укарэніць, як сіла шатанска. І ты па небе, усёмагутны божа, няхай нас бедных твая ласка ўспаможа! А хто ня шчыры, хто не справядлівы, няхай прападне з родам і насеньнем, няхай чорт зрэжа з чадам і насеньнем! Сказаў. Усе тры пацалавалісь і па чарцы выпілі гарэлкі і па калачу узялі з тарэлкі. І доўга сабе мілавалісь. А сонца сьвеціць і вецер ня гудзе, бо ся зьдзівілі, што то вольны людзі".

Ф . Савіч і яго аднамысьнікі стараліся падыйсьці бліжэй да беларускага селяніна і зьвярталіся да яго ў яго роднай мове. На гэтым грунце вынікала спэцыфічная паўстанцкая літаратура. Што датычна да самога Савіча, то ён быў зволены рускім урадам з 4 курсу віленскай мэдычнай акадэміі і высланы на Каўказ у вадзін з тамтэйшых палкоў у якасьці звычайнага салдата. Праз нейкі час яму ўдалося ўцячы з Каўказу. Пад фальшывым прозьвішчам Гэлігі ён абсеўся неяк на паграніччы Валыні і Падолі і лячыў народ. Да самай сьмерці ён карыс­таўся вялікай популярнасьцю сярод сялянства.

Наогул паўстаньне 1831-га году не ўдалося. Соцыяльны дэвіз чырвоных паўстанцаў— вызваленьне сялян— зацямняўся тым, што самі яны ўсё-ж такі былі панамі. Апроч таго, яны дапусьцілі да ўлады такія элемэнты (белых паўстанцаў), каторыя воража адносіліся да рэволюцыі і да пастаўленых ёю соцыяльных і політычных пытаньняў. Што гэта было так, ясна відна з ліста польскага дыктатара Хлапіцкага да Мікалая І-га. Ён піша так: „Найміласьцівейшы кароль! Будучы запэўненым у тым, што сойм ня здолее сярод буры ўстанавіць спакой, і маючы перад вачыма мінулыя страшныя дні (у пачатку рэволюцыі), я пастанавіў узяць выканаўчую ўладу ў свае рукі, каб яна не папала ў рукі агітатараў і бурыцеляў, каторыя хоць і ня маюць адвагі ў мінуты небясьпекі, але ўсё-ж такі ўмеюць падбураць і злучаць натоўп".

З ліста ясна, што тыя паўстанцы, каторыя ўмелі „злу­чаць натоўп" і агітаваць сярод сялянства, не змаглі захапіць улады ў свае рукі і падыйсьці да сялянства з рэальнаю рэ­формаю вызваленьня. Селянін спачуваў чырвоным, але чакаў ад іх ня слоў, а справы.