Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Найбліжэй падыходзіць да прыгнечанага няволяй і пан­шчынай сялянства Ян Чачот. Ён яскрава апісвае навычэрпнае сялянскае гора: у хаце зімна і дымна, ад холаду калеюць і ад голаду хварэюць дзеткі селяніна; разам са скацінаю ў сму­родзе, брудзе і цемры жыве тут сялянская сям'я. („Нашто нам дым выядае вочкі"). Але і ў Чачота адносіны да селяніна шляхецка-клерыкальныя. Бяда селяніна залежыць не ад скананьня прыгону, а ад таго, што селянін часта гультаіць і шмат п‘е гарэлкі. Селянін і пры існуючым ладзе можа добра жыць, калі будзе паслухмяным у вадносінах да пана чалавекам, працавітым і цьвярозым гаспадаром. („Каб у карчме не ся­дзеў"). Агульная асьвета, па думцы Чачота, не патрэбна для селяніна. Ён лічыць, што даволі будзе для селяніна, калі ён будзе аддаваць сваіх дзяцей у практычную навуку: да шаўца, каваля, бондара і іншых рамесьнікаў („О й ты, суседзе"). Ідэальны селянін, на думку Чачота, бесьперастанку працуе ўва ўсе чатыры поры году, прытым працуе бяз усякага незадаваленьня і протэсту, у радасьці і вясельлі. Вясною ён гаро­дзіць, возіць на поле гной, арэ і сее, летам косіць лугі, жне жыта, зімою возіць дровы, чэша калкі, рыхтуе лучыну, восень­ню арэ папар, зноў сее, малоціць і г. д. Калі селянін захоча пагуляць,— „у дом просіць госьці, тады сабе чарку гарэлкі вып‘е да вашмосьці" („Як то добра, калі мужык"). Калі прыходзіць сьвята, селянін ідзе маліцца богу ў царкву ці ў кась­цёл. Ён знае толькі бога, пана, сваю хату і свой мужыцкі клопат. Зразумела, што такі селянін будзе слухацца бога ў асобах ксяндза, папа і пана і ня будзе рабіць няпрыемных усім ім „рабункаў".