Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Першымі пачалі падыходзіць да беларускага пытаньня польскія і полёнізаваныя беларускія шляхецкія колы. І зразумела, чаму яны раней зацікавіліся Беларусьсю. Беларусь была згублена Польшчай, трэба было вярнуць яе назад. Што датычыць да рускіх колаў, то яны пакуль што мала ажытуюцца, бо штыхі Расійскай імпэрыі забясьпечваюць Беларусь за Расіяй.

Цікавасьць да Беларусі раней за ўсё пачала выяўляцца ў Віленскім унівэрсытэце, заснованым у 1803 годзе. Унівэрсытэт адразу зрабіўся культурным і організацыйным цэнтрам тагачаснай польскай і беларускай полёнізаванай інтэлігенцыі, якая найчасьцей складалася з сярэдняй і дробнай шляхты і часамі з мяшчанскіх элемэнтаў.

Пры унівэрсытэце і ў самым унівэрсытэце організуюцца дробныя гурткі як студэнтаў, так і наогул інтэлігенцыі. Дробныя гурткі пачынаюць абформляцца ў даволі вялікія грамады. У 1817 годзе абформляецца організацыя „Шубраўцаў". Як відаць з статуту, „Шубраўцы " ставяць сваёй мэтай пашырэньне сярод грамадзянства культуры, працаздольнасьці, цьвярозага жыцьця і г. д. Да выкананьня сваёй мэты яны йдуць шляхам сатыры. З 1817 году яны маюць свой орган друку „Бруковыя Ведамасьці", каторыя выходзяць штотыдзень па суботах аж да 1822 году.

Раней за „Шубраўцаў" існуюць гурткі „Філёматаў" (аматараў навук). У ліку заснавацеляў організацыі былі Адам Міцкевіч, Т. Зан, беларускі культурнік Ян Чачот і інш. Мэта „Філёматаў"— „шляхам добрай адукацыі палепшыць стан бацькаўшчыны". Пад бацькаўшчынай яны разумелі і Беларусь, провінцыю Польшчы.