Перайсці да зместу

Старонка:Тэрыторыя Беларусі і яе дагістарычнае насельніцтва (1938).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пасяліліся над Прыпяцьцю і Нёманам.[1] Карскі думае, што Нэйры спачатку жылі на захад ад цяперашняй тэрыторыі Беларусі, скуль іх выціснулі праўдападобна германскія плямёны (іхнім сымболям была зьмяя). Нэўры падаліся на ўсход і занялі заходнія абшары па верхнему Нёману і часткава па Прыпяці.[2]

Трэба зацеміць, што Будзінаў Гэродота ведаюць і іншыя клясычныя пісьменьнікі, як Юры Ганоры, Марцэлін, Этык, Пліні, Мэля. Карскі гавора, што і гэтыя пісьменьнікі зьмяшчаюць Будзінаў над Прыпяцьцю і Дняпром (верхнім). Думку Лаппо-Данілеўскага, што з прычыны супярэчных дадзеных клясычных пісьменьнікаў аб Будзінах немагчыма сказаць аб іх штось канкрэтнае, Карскі лічыць лішне рашучай і неабаснаванай.[3] Апрача Гэродота, крыху сьвятла на першае насельніцтва Беларусі кінуў Пталамэй у сваей Географіі. Ён успамінае аб Ставанах, жыўшых у вярхох Бярэзіны (Borystenes’a), каторыя мелі свае гарады, што дае асновы дапушчаць аселасьць гэтага племені.

Вось і ўсе весткі клясычных пісьменьнікаў, што з большай ці меншай праўдападобнасьцю можна аднесьці да жыхароў Беларусі. Наагул трэба зацеміць, што да Гэродота тэрыторыя Беларусі была няведамай грэцкім і рымскім пісьменьнікам, як і ўсе абшары паўночныя (ад Чорнага мора); аб гэтых абшарах існавалі толькі фантастычныя апавяданьні, ня маючыя ніякага навуковага значэньня[4]. Толькі Гэродот і Пталамэй пралілі крыху сьвятла на беларускую краіну.

Кім былі гэтыя першабытныя насельнікі Беларусі да зьяўленьня сюды беларускіх плямёнаў і ці магчымай навукова была-б гіпотэза, што беларускія плямёны — гэта аўтохтоны свайго краю? Гісторыкі, каторыя разважалі гэта пытаньне, даюць розныя супярэчныя адказы. Іх можна падзяліць на дзьве групы. Большасьць гісторыкаў выказвае думку, што беларускія плямёны ня былі аўтохтонамі тэй тэрыторыі, на якой засьпеў іх кіеўскі летапісец, што яны прыйшлі ў Беларусь із агульнай славянскай прарадзімы і знайшлі тут чужыя сабе народы. Ізноў-жа частка гісторыкаў скланяецца да думкі, што тэрыторыю Беларусі і сучаснай Літвы ад пачатку займалі нейкія супольныя продкі Славянаў і Балтаў, з якіх пасьля выдзяліліся Славяне продкі беларускіх плямёнаў — і Балты — продкі цяперашніх літоўцаў, латышоў, прусаў. Разгледзім гэтыя пагляды.

  1. Браун. Разысканія въ облости готославянскихъ отношеній. Спб. 1899 г., бач. 82—84.
  2. Карскі, о. с. бач. 39—40.
  3. А. Лаппо-Данилевскій. Скифскія древности. Замѣтки Отд. русск. и слав. арх. И.Р.А. Общ. т. IV. бач. 354, Карскі, о. с. бач. 37.
  4. Гэтак Сапуноў, спыняючыся над гэтымі апавяданьнямі, цалком правільна гатоў бачыць і ў Беларусі край Кіммэрыянаў, апісываны чорнымі хварбамі ў Адысэі Гомэра і шчасьлівы „край Гіперборейцаў“, што жылі ў поўным дастатку колькі ім хацелася, а калі жыцьцё надаядала, кідаліся з высокіх скалістых гораў і ўміралі (Сапуновъ. Рѣка Западная Двина, бач. 1—40).