Мо’ на касьцёх нашых калісь паўстане край наш родны, прачхнецца брат наш цёмны і збудуе хату, у якой сам запануе…
Дык веры болей, моцы болей і пойдзем, браце, шляхам нашым да канца…
Хай крыж цяжкі!
Але будзе некалі хтось шляхам гэтым горда, сьмела ісьці бяз крыжа… І будзе гэта пэўна ісьці той, хто шляхам нашым за намі пойдзе!
Дык ня сумуйце, браточкі, што пытаюць вас «Хто ты?»
Хутка прыйдзе гадзіна — нас спатыкаць будуць здалёку, дзьверы ўва ўсіх хатах адчыняць, запрашаючы нас.
А ці зойдзем тады мы да іх?..
Будзем жыць жыцьцём сваім, сваім правам сьветлым як сонца, магутным, як бура!
І ня трэба будзе болей ні кіёў, ні торбы!..
Будзем вольна жыць!
Ось чуеце, браточкі: лес шумець пачынае, штось гамоне, кудысь кліча!
Чуеце??.
Кліча ён нас на шлях наш…
Моцна кліча!
Ківае зялёнымі галінамі, нібы паказаваючы дарогу…
Дык уставайце браты! Уставайце, дось