Перайсці да зместу

Старонка:Тыпы Палесься (1924).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стрэл! Памятай, хоць па маёй сьмерці — зьмяні жыцьцё…

І цуда зрабілася — князь кінуў пістоль, кінуўся на калены прад Юркай, схапіў яго за ногі.

— Сыне, сыне! даруй бацьку! — плакаў ён, а Юрка ціха паміраў.

— Даруй, сынок, даруй! — плакаў бацька.

Юрка маўчаў, пасьля апошні раз падняў вочы ўгару і сказаў: — Дарую!

І ў той жа час заснуў вечным сном…

З таго часу зьмяніўся князь. Раздаў усю зямлю сялянам, адбудаваў спаленыя вёскі, сабраў усіх хворых і бедакоў да замку і быў бацькам для ўсіх. Калі прышла яго канчына, шмат людзей плакала па ім і, па яго завету, пахавалі яго сярод магілак Юркі і старога дварэцкага, які быў другім бацькам для Юркі.

Караба скончыў. Крупень быў гатовы.

Але ніхто ня браўся за яду. Усе былі пры сваіх думках.

— Чаго зажурыліся? — весела загаманіў Караба. — Гэта прайшло ўсё, а вось крупень стыне! — казаў ён, дастаючы лыжкі.

— Бярэцеся! — скамандаваў ён і мы дружна прыняліся есьці.

Вечар ужо надходзіў, калі мы пайшлі далей.