меркаваў ён і, падняўшы галаву, пачаў шукаць птушкі з ясным вокам. Доўга хадзіў ён, выглядаючы, ці не знайдзе дзе цікавай птушкі. Дарэмна клікалі яго ўсе зьвяры і птушкі, дарэмна звалі кінуць шукаць тае птушкі. Ня мог супакоіцца Сьвет. Усё хадзіў па лесе ды шукаў…
Вось, нарэшце, калі зноў загуляў вецер па вярхох дрэваў, угледзіў Сьвет яснае вока птушкі… Застукацела яго сэрца моцна ў грудзёх. Затаіў дух Сьвет і ціха пачаў падходзіць да цікавай птушкі. Здаецца яму, што сядзіць яна на высокай, высокай елцы, на на самай апошняй галіне. Ня вытрымаў Сьвет і палез… Вось ён ужо на самай вяршынцы… Хістаецца елка, гнуцца пад ім галіны… Але ня бачыць гэтага Сьвет. Асьляпіла яго саўсім ясная птушка. Здаецца яму, што пераляцела яна на другую вышэйшую елку. Выцягнуў да яе Сьвет рукі, пасьлізнуўся і грымнуў у дол. Ляцеў Сьвет у дол і здавалася яму, што птушка ўжо вось-вось у яго ў руках. Разьбіўся Сьвет аб карэньні дрэваў, ляжаў у доле няжывы. Прыйшлі зьвяры, зьляцеліся птушкі наўкола яго. А ён ляжаў, ляжаў з расплюшчанымі вачыма, з усьмешкай радасьці на вуснах… А ў вачох яго ігралі праменьні далёкага сонца. Гэтак зьгінуў Сьвет, шукаючы Сонца.