Перайсці да зместу

Старонка:Тыпы Палесься (1924).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

таксама ходзяць хвалі, але не жалезнага колеру, а зялёныя, да якіх цягне, і, здаецца, сярод іх знайшоў-бы адпачынак ад усіх трудоў чалавек…

Доўга глядзеў я на халодныя хвалі, і ня мог наглядзецца…

— А каб ты ведаў, якое хараство глядзець на яго, калі ў небе гараць зоркі, сьвеце месяц, якое тады хараство, — казаў Міхась. — Ось, пабачыш сам…

А, пакуль што, мары ў бок, — дадаў ён, — давай лавіць рыбу будзем, цяпер павінна добра брацца.

— Лавіць рыбу? — зьдзівуся я. — А чым?

— Чым? — перапытаў сьмяючыся Міхась.

— Вудою, браток, будзем лавіць…

I, не чакаючы мяне, ён схаваўся ў кустох і праз мінюту прынёс зьнекуль дзьве, добра наладжаныя, вуды.

— Ну, ось, маеш, — сказаў ён, даючы мне адну вуду. — Будзем лавіць на хлеб…

Я выбраў сабе добрае месца сярод кустоў, што расьлі над самай вадой, і пачаў прабаваць шчасьце. Але ці я ня ўмеў лавіць, ці проста глядзеў на плывук, ня думаючы аб рыбе, а толькі ўжо сонца зайшло, калі мяне паклікаў Міхась:

— Дзяргач, хадзі!