Пакуль мы гутарылі з Дзянісом, Ганначка накрыла стол белым чыстым абрусом і прынясла кіпеўшы самавар.
— Гэта машынка — кіўнуў Дзяніс у бок самавара, — Міхасёва, ён прывез яе. Любіць піць гарбату ў гарачы дзень, кажа, што гэта ад жары першы ратунак, — засьмяяўся Дзяніс.
— Гэта праўда, памагае, але спачатку дык ня вельмі прыемна, але пасьля трэцяе шклянкі нават робіцца сьцюдзена, — адказаў я.
Калі мы пілі гарбату, прыйшоў Міхась.
Доўга мы гаманілі аба ўсіх справах і за гутаркай ня прымецілі, што на небе сьвяціў ужо месяц.
— Ну, пойдзем на сена, — сказаў Міхась.
Мы выйшлі з хаты. На падворку сядзела Ганначка.
— А вы што тутака робіце, а? — зьвярнуўся я да яе.
— Усё мары? а мары апанавалі відаць Вас, Ганначка? — запытаў я.
— Але! прыемна, бачыце, глядзець на далёкія зоркі, гэтак глядзіш на іх і колькі думак салодкіх, прыгожых пад ціхія чары іх надходзіць.
— Гэ, дык вы Ганначка, прыгожа гаворыце! — сказаў я, глянуўшы на яе.
— А што-ж, пасядзім на вольным паветры, — парадзіў Міхась.