— А як-жа… як устане, ось крыху паможа мне, дый шасьць у лес, толькі яго і бачылі, — сказаў дзед.
У хаце нас сустрэла прыгожая дзеўчына.
— Ну, пазнаеш, Ганка? — спытаўся Дзяніс у свае дачкі, якая прыглядалася да мяне.
— Пазнаю, — цьвёрда сказала яна.
— Як маецеся? — сказаў я, вітаючыся з ёю.
— Нічога, добра… Вось толькі маці памерла… і дзеўчына спусьціла галоўку.
— Так Богу было трэба, — сказаў з цяжкім уздохам Дзяніс…
— Кніжак прывязьлі? — зьвярнулася яна да мяне.
— Вось, вось, — адказаў я і дастаў з кішаня цэлую пачку кніжак.
— Цікавыя?
— Усе кніжкі цікавыя, — перабіў яе Дзяніс.
— Ну, дзеўчына, давай нам чаю, есьці…
У гэты міг у хату ўвайшоў Янка з бутэлькай, кілбасай, хлебам і сырам у руках і ўсё гэта палажыў на стол.
— Ого! — падміргнуў Дзяніс, — з запасам!
— А, ось, Супрона сын даў гарэлкі, а яго жонка закуску, — адказаў я.
— Дык Пётра ажаніўся? — запытаў Дзяніс.
— Як бачыце, — адказаў я.
— Ну, давай Бог шчасьця! — сказаў ён.