цара патрэт і той, як-бы, ківае яму галавой і кажа: — Не робей!
Мятла, глянуўшы на патрэт цара, гатоў ужо быў ускочыць і выцягнуцца ва фрунт, але апамятаваўшыся, што гэта толькі малюнак, трохі пасьмялеў і гаркнуў:
— Рад старацца, Вашскародзе!
— Ось, ось, пі! Я рад! Я… Сам Бог паслаў! — гаманіў спраўнік.
— Цяпер, канец для канторы! — крыкнуў прыстаў.
Ад гэтага ўспаміну аб канторы, Мятла чуць не падавіўся кавалкам кілбасы, але ўдар у плечы кулаком спраўніка, памог кавалку шчасьліва папасьць у жывот.
— Так, брат Мятла, на цябе адна надзея! Зьніштож, браце, кантору! Азалачу! — зьвярнуўся да яго спраўнік.
— Вось яно што! — праняслося маланкай у галаве вурадніка, — мая мара збываецца…
— Зьніштож! — плачучы загаманіў прыстаў.
Выпітая гарэлка надала моцы і адвагі вурадніку і той устаў, выпрастаўся і загаманіў:
— Што-ж, я рад. Прыказ споўню! Я, вось, проект даўно нашу ў кішані, але ніяк ня мог, вось, дабрацца да вас, вашаскародзіе,