там было, ніхто ня ведаў, бо на пытаньне пані, Аўдыцкі паказаў пальцам угару, ды сказаў:
— Што там было — Богу ведама ды цару… толькі ось прыказана падаць гарэлкі ды добрай закускі.
Калі апошні прыказ быў споўнены, голас спраўніка сьціх і жонка нават чула, як быццам нехта ў габінэце з кімсь цалаваўся. Яе жаноцкае сэрца трохі закалацілася, ўчуўшы цмокі пацалункаў, але думка, што ў габінэце мужа, апроч станавога, нікога няма, яе супакоіла і яна пашла спаць.
— Мусіць прыйшлі да згоды, меркавала яна, і плян аб ліквідацыі Рубяжыцкае канторы знайшоўся!..
У той самы час, калі спраўнік з станавым прыдумоўвалі пляны на зьнішчэньне Рубяжыцкае канторы, ў гэтай самай канторы ў хаце, сярод глухога лесу, стаяў гоман, чуўся рогат і сьмех.
— Ну, і дзярбалызнулі мы яго з Гаўрылам па макаўцы, ў шартраз разьляцелася! га, га, га!
— Лоўка, шчыльна зрабілі! — рагатаў Дзядзёнак, праводзячы рукой па рыжай барадзе, а другою ляскаючы па плячы свайго спадручнага, Галабурду.
— А коні тутака? — пытаў ён.