бліжэйшыя да сцэны яе чулі. Інжынер прыгнуўся, каб яе расслухаць.
— Мацней, — загукалі ззаду.
Устанавілі цішыню. Жанчына загаварыла мацней. Усе пачулі:
— Чаму-ж такі нізкі дом?
— Як нізкі? — паціснуў плячыма інжынер. — Гэта чатырохпавярховы дом. Хіба-ж ён нізкі?
— Чатырохпавярховы, але вельмі здаецца нізкі. Можа гэта так нарысован.
— Ага, — усміхнуўся інжынер. — Я ведаю, што вы хочаце сказаць. Бачыце, дом высокі, але так здаецца. Гэта стыль такі.
— Чаму-ж каб ён здаваўся нізкім, калі сапраўды ён высокі.
— А чаму вам не падабаецца?
— Я, таварыш інжынер, не магу разабрацца ў гэтых справах, я нідзе не вучылася і ў вялікіх гарадах не была, якія-небудзь вялікія там пабудовы бачыла толькі калі-небудзь на здымках, на рысунках. Тут на будаўніцтве разглядала нядаўна альбом. І можа я гавару няпраўду, але калі запыталі, то хачу выказаць сваю думку. Вы мяне выбачайце.
— Ну, калі ласка.
— Можа гэта будзе смешна.
— Калі ласка, калі ласка.
— Бачыце, як сказаць… Можа гэта ў мяне ў адной такое.
— Калі ласка, я слухаю.
— Мне самой, дык хочацца, калі ўжо будаваць што новае і дарагое, то каб яно мела выгляд… Мне здаецца, што ўсё нізкае — непрыемна. Я сама, колькі жыла, то ўсё ў нізенькіх трухлявых хатах. Столь, здаецца, прыдушвае нават голас. Паднімеш руку — і дастанеш столь, дастанеш страху,